Севастопальца, які разбіў помнік Нябеснай сотні, прыгаварылі да 4 месяцаў арышту
Пячэрскі раённы суд Кіева прызнаў вінаватым у хуліганстве севастопальца Юрыя Чаканава, які разбурыў мемарыял Героям Нябеснай сотні ў Кіеве. Чаканава прыгаварылі да чатырох месяцаў арышту.
„5 кастрычніка 2017 года ён прыехаў да жонкі, якая працавала прадавачкай на вуліцы Хрышчацік, праходзіў па алеі, убачыў помнікі. У гэты момант у яго здарыўся нервовы зрыў, паколькі ён быў перакананы, што помнікам месца на могілках, рукамі зрушыў гранітныя збудаванні, у чым пазней відавочна раскаяўся, зрабіў для сябе адпаведныя высновы”, – сказана ў тэксце прыгавору.
Дзеянні севастопальца суд кваліфікаваў як злоснае хуліганства, але прызнаў яго раскаянне і не знайшоў абставінаў, што абцяжарвалі б здзейсненае.
Тэрмін арышту пачынаецца з 5 кастрычніка і сканчаецца 5 лютага 2018 года.
5 кастрычніка дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Зоран Шкірак паведаміў, што жыхар акупаванага Расеяй Севастопаля разграміў мемарыял Нябеснай сотні ў Кіеве. Хуліган быў затрыманы.
Алея Герояў Нябеснай сотні раней была часткай вуліцы Інстытуцкай. У лютым 2014 года тут адбыліся масавыя расстрэлы актывістаў Еўрамайдана. На большай яе частцы размешчаны зараз памятныя знакі.
Беларускае Радыё Рацыя