Севярын Квяткоўскі: Народ прайшоў вялікі эвалюцыйны шлях



Вынікі 2021 году непарыўна звязаныя з падзеямі пераломнага, 2020-га. „Госць Рацыі” беларускі літаратар і публіцыст Севярын Квяткоўскі падзеліцца сваімі разважаннямі пра жыццё краіны апошняга часу і стан беларускага грамадства. Запрашаем на размову.

Севярын Квяткоўскі. Фота: Лукаш Стэпанюк

РР: Якая першая асацыяцыя з гэтым годам у вас асабіста?

– Усё адбывалася ў гэтым годзе так, як прагназавалася ў канцы 2020-га года многімі аналітыкамі, назіральнікамі, каментатарамі грамадска-палітычнага жыцця ў Беларусі. Пастаянныя рэпрэсіі, але якія я б назваў млява цякучымі. То бок на ўзровень Сталіна-Гітлера яны выйсці не наважваюцца, але кожны тыдзень каго-небудзь церабяць.

РР: Нават кожны дзень можна сказаць.

Ну церабяць кожны дзень, кагосьці затрымліваюць, садзяць рэгулярна. Таксама прадказвалася, што будуць нейкія нечаканыя падзеі, якія прагназаваць немагчыма, але яны будуць вынікам дзёрганняў уладаў, то бок непаслядоўнасці, эмацыйнасці – гэта пасадка самалёта ў першую чаргу. Якая нарэшце патлумачыла Заходняй Еўропе, што тут адбываецца. Гэты штучны мігранцкі крызіс канешне гэта не проста стрэл сабе ў нагу, гэта стрэл чэргамі з кулямёта сабе па нагах. Канешне гэта масавы выезд беларусаў, гэта прадказвалася ў прынцыпе. Людзі, якія аналізавалі сітуацыю. У верасні мінулага году яны разумелі, што мірныя акцыі вельмі важныя, але яны да фізічнай змены ўлады не прывядуць, што ўлада будзе помсціць і людзі будуць выязджаць. Я паездзіў трохі, камунікаваў з беларусамі ў Польшчы, ва Украіне ў двух гарадах – Кіеў і Адэса, і ў Грузіі камунікаваў у Батумі. Бачна, што ўсё гэта толькі наладжваецца, але гэта не тая эміграцыя, што была раней, калі беларусы распушчаліся ў грамадствах, у якія яны прыбывалі. Тут відавочна людзі камунікуюць, дапамагаюць адзін аднаму. Вось гэтыя нейронныя сеткі, якія пачалі ўтварацца ў 2020 годзе ў Тэлеграме, пасля жыўцом у дварах гарадоў, яны цяпер у прынцыпе перасяліліся за мяжу. Я маю такі сціплы аптымізм наконт таго, што гэтая хваля эміграцыі будзе карысная не толькі сабе, але і краіне, патэнцыйна краіне на будучыню. Яшчэ вельмі радасна, што не так шмат з’ехала, як казалі. Кажуць пра некалькі соцень тысяч. Я лічу, што для 9,5-мільённай краіны гэта нармальна. Плюс яшчэ казалі, што ўсе хто з’язджаюць, яны пад пераследам – не. Я думаю, што пад пераследам літаральна працэнтаў пяць, максімум дзесяць. Астатнія проста з’язджаюць таму, што на бліжэйшую перспектыву яны не бачаць для сябе нічога карыснага, гэта такая псіхалагічна-эканамічная эміграцыя. Што яшчэ з галоўных вынікаў. Першае, скажам так, не адбылося разгрому масмедыя, то бок зніклі некаторыя жанры, кшталту рэпартаж, стрым, так, яны зніклі. Але вушы і вочы ў медыя засталіся, аналітыкі асноўныя хоць і з’ехалі, але працуюць у звычайным рэжыме. Судзячы па некаторых калегах з медыя, калі сутыкаўся з імі за мяжой, то ў мяне адчуванне было, што для іх нічога асабліва не змянілася.

РР: Але ўскладніліся ўмовы працы.

– Ну ўскладніліся, прабачце, хто як успрымае сітуацыю. Я адразу сказаў, што гэта вайна супраць грамадзян. Адпаведна канешне падчас вайны ўсё ўскладняецца. Хтосьці пісаў, казаў: „Ну калі гэта ўсё скончыцца?”. Не скончыцца яно так проста, гэта ўжо відавочна. Хаця ў мяне ўсё роўна ёсць асцярожны аптымізм наконт таго, колькі гэта будзе працягвацца. Для адных гэты год цэлая вечнасць, Паколькі я ў тэме з 1988 года, калі мне было 15-ць гадоў і я патрапіў на свой першы антыкамуністычны мітынг за незалежнасць. То бок я ў тэм чвэрць стагоддзя і я разумею, што беларускі народ прайшоў вялікі эвалюцыйны шлях ад народу да грамадзянскай супольнасці. Народ для мяне гэта такое слова насамрэч не вельмі сучаснае, штосьці з 19-га стагоддзя. Грамадзяне, грамадзянская супольнасць, фармаванне нацыі практычна адбылося.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя