Павел Севярынец: Курапацкая абарона – гэта пэўная абарона ад агрэсіі Расеі
Ужо год, як пачалася варта каля рэстарана „Поедем поедим”, які адчынілі побач з мемарыялам ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў, на тэрыторыі яго былой ахоўнай зоны. Абаронцы Курапатаў сёння правялі з гэтай нагоды прэс-канферэнцыю.
Актывісты амаль штодня прыходзяць і тлумачаць наведвальнікам, што рэстаран створаны незаконна, а яго праца тут – правакацыя і непавага да народнай памяці. Як кажа сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і адзін з ініцыятараў варты Павел Севярынец, гэтая акцыя дае плён:
– Гэта ўнікальны чын, бо такога ў найноўшай гісторыі не было, каб цэлы год стаяла варта пад бел-чырвона-белымі сцягамі пад пратаколамі, пад суткамі. У самых розных форс-мажорных сітуацыях і ў любое надвор’е. Таму гэта ўжо нацыянальная гісторыя. За гэты час удалося адбіць некалькі атакаў на Курапаты. Удалося пры дапамозе СМІ апавясціць сотні тысяч беларусаў і людзей за межамі Беларусі пра Курапаты. Удалося супрацьстаяць нападам “русского мира”, дзяржавы, вандалаў на нацыянальны мемарыял. Я лічу Курапацкую абарону такім чыннікам, які бароніць Беларусь ад маскоўскай агрэсіі. Кожны беларус павінен усведамляць: пакуль мы стаім у Курапатах, гэта пэўная абарона ад агрэсіі Расеі.
Таму ёсць усе падставы, каб працягваць варту ў абарону мемарыялу.
Цалкам матэрыял у далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Менск