Севярынец пракаментаваў нежаданне ўладаў зрабіць 1 лістапада выхадным 



1 лістапада, калі католікі адзначаюць Дзень Усіх Святых і масава выязджаюць упарадкаваць могілкі родных і блізкіх, беларускія ўлады не зробяць выхадным днём. “Права на свабоду веравызнання, замацаванае ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, не дае вернікам ніякіх пераваг перад грамадзянамі, якія прытрымліваюцца атэістычных перакананняў. У адваротным выпадку гэта парушыць прынцып раўнапраўя грамадзян”, – гаворыцца ў адказе, які прыйшоў з Апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. 

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец адзначае, што сваю ролю ў такім рашэнні магла згуляць і праваслаўная царква.

– Магу толькі выказаць здагадку, што сваю ролю адыграла і камуністычная мінуўшчына, што дагэтуль сядзіць у галовах урадоўцаў Лукашэнкі, так і пазіцыя праваслаўнай царквы, якая, мабыць, угледзела ў гэтым нейкі каталіцкі наступ.

Адмоўны адказ падцвярджае, што ўладам абыякавае меркаванне мільёнаў беларускіх грамадзянаў, дадае Павел Севярынец.

– Людзі едуць на могілкі масава – сотні тысяч, нават мільёны. І гэта проста паказала б, што дзяржава прыслухоўваецца да людзей. А для іх важна умоўная “лінія Сталіна”: не пускаць хрысціян, не пускаць вернікаў, не пускаць нацыянальна свядомых беларусаў. І вось на гэтай “лініі Сталіна” яны гатовыя стаяць насмерць. Таму, думаю, адным з першых распараджэнняў новай улады будуць выхадныя дні і для Вялікадня, скасаваныя Лукашэнкам, і для Дзядоў.

Петыцыя, накіраваная ўладам, сабрала каля 1800 подпісаў за вяртанне статусу непрацоўнага дня 1-га або 2-га лістапада. Асобны зварот кіраўніку Беларусі дасылалі і каталіцкія біскупы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя