Севярынец заклікаў да байкоту чыноўнікаў



Да байкоту чыноўнікаў, якія маюць дачыненне да адкрыцця рэстараннага комплексу „Поедем, паедим” каля ўрочышча Курапаты, заклікаў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.

„Мы заклікаем беларусаў да поўнага байкоту гэтых персон: не вітацца, не супрацоўнічаць, выдаляць з сяброў у сацыяльных сетках і гэтак далей — да таго часу, пакуль не будзе іх публічнага пакаяння і кампенсацыі нанесенай імі шкоды”, — напісаў палітык у сацыяльнай сетцы „Фэйсбук”.

Першым чыноўнікам, якому Севярынец прапанаваў абвясціць байкот, стала першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга, якая, паводле яго слоў, 1 снежня 2014 года падпісала пастанову аб памяншэнні ахоўнай зоны мемарыяльнага ўрочышча і сваімі дзеяннямі спрыяла адкрыццю рэстаранна-забаўляльнага комплексу „Паедзем паядзім”.

З 31 мая на ўездзе ў рэстаран актывісты штодня праводзяць акцыі пратэсту.

belapan.by