Севярынца будуць судзіць за заклікі да правядзення акцыі „Астравецкі шлях”



У судзе Савецкага раёна Менска 14 чэрвеня будзе разгледжана адміністрацыйная справа старшыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца. Яго абвінавачваюць у тым, што 26 красавіка ў Менску падчас традыцыйнага „Чарнобыльскага шляху” ён заклікаў да правядзення акцыі „Астравецкі шлях”.

Палітык абвінавачваецца па арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку правядзення ці арганізацыі масавага мерапрыемства). „Планую прыйсці на суд, паколькі абвінавачанне ў закліках першае ў маёй кар’еры”, — паведаміў ён БелаПАН.

Аргкамітэт „Чарнобыльскага шляху — 2018” запланаваў 26-га чысла кожнага месяца аж да лістапада праводзіць антыядзерныя акцыі ў гарадах і пасёлках, якія размешчаны паміж Менскам і Астраўцом (Гарадзенская вобласць): Заслаўі, Радашковічах, Маладзечне, Вілейцы, Смаргоні, Ашмянах. Завяршыцца гэта серыя акцый павінна 26 лістапада ў Астраўцы.

Акцыя 26 траўня не была дазволена ўладамі, бо заяўнікі, на іх думку, павінны былі падаваць заяўку не ў Заслаўскі гарвыканкам, а ў Менскі райвыканкам. Актывісты правялі ў гэты дзень экскурсію і круглы стол. Тым не менш у дачыненні да некаторых з іх (Дзмітрыя Кучука, Вячаслава Сіўчыка, Ігара Лялькова, Яна Лагвіновіча і іншых) былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Заяўка на правядзенне акцыі ў Радашковічах была перададзена ў Маладзечанскі райвыканкам 11 чэрвеня.

У аргкамітэт „Чарнобыльскага шляху” ў гэтым годзе ўвайшлі прадстаўнікі Беларускай партыі „Зялёныя”, руху „За Свабоду”, руху салідарнасці „Разам”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”.

Севярынец з’яўляецца таксама актыўным удзельнікам пратэсту супраць працы каля ўрочышча Курапаты забаўляльнага комплексу з рэстаранам „Паедзем паядзім”. Увечары 13 чэрвеня ён зноў быў затрыманы і дастаўлены ў аддзел міліцыі ў Бараўлянах. Папярэдняе затрыманне палітыка адбылося 7 чэрвеня. У дачыненні да яго было складзена чатыры пратаколы.

Днём 13 чэрвеня супрацоўнікі міліцыі паспрабавалі сілай вызваліць праезд да забаўляльнага комплексу ад актывістаў, якія пратэставалі супраць адкрыцця ўстановы.

„Сёння актывістаў, якія пратэстуюць, шмат, таму ў міліцыянераў нічога не атрымалася, — сказаў Севярынец. — Нас тут чалавек дваццаць. Пад’ехалі людзі з Віцебска, Бабруйска, ёсць менчане. З намі стаіць Алесь Бяляцкі, супрацоўнікі „Вясны”. Разгарнулі вялікі транспарант „Курапаты — месца злачынства і смутку”.

„У выніку яны склалі адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненні да мяне і да Аляксея Туровіча — за парушэнне правілаў дарожнага руху, у прыватнасці за перашкоду транспарту”, — адзначыў сустаршыня аргкамітэта БХД.

belapan.by