Севярынцы адкрылі беларускую хрысціянскую інтэрнэт-краму



Вольга і Павел Севярынцы адкрылі беларускую хрысціянскую інтэрнэт-краму “Кропля.бай”, заснаваную дзеля падтрымкі хрысціянскага інфармацыйнага парталу  “Крыніца.інфа”. — Зараз у Беларусі амаль уся сувенірная прадукцыя і большасць кнігаў для цэркваў ідзе з Расеі, радзей з Польшчы.

Беларусі вельмі патрэбны такі хрысціянскі «Сымбаль.бай» — цэнтр дызайнерскіх распрацовак, які паспрыяе беларусізацыі цэркваў. Распавёў Павел Севярынец:

– Беларуская хрысціянская інтэрнэт-крама. У Беларусі, дарэчы, такіх амаль няма. Ёсць адна крамка, якая займаецца кубкамі, у Фаніпалі. І хіба што ўсё. Гэта будзе крама, якая разлічаная ў першую чаргу на вернікаў. І мэта якой, з аднаго боку, беларусізацыя вернікаў розных канфесій. З другога боку – падтрымка адзінага ў Беларусі межканфесійнага хрысціянска-інфармацыйнага парталу Krynica.info. У гэтай крамцы можна будзе набыць цішоткі, торбы, нататнікі з хрысціянскімі надпісамі і цытатамі з Бібліі па-беларуску, безумоўна.

Таксама Kroplia.by плануе прадаваць кнігі (Біблію і Новы Запавет у беларускім перакладзе, «Беларускую хрысціянскую азбуку», «Хронікі Нарніі», энцыклапедыю «Люблю Беларусь», «Беларусалім» ды іншыя), і дыскі серыі «Беларускі хрысціянскі хіт».

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя