Сфармаваная трэцяя група фігурантаў “пінскай справы”



Трэцяя група фігурантаў “пінскай справы” ўжо сфармаваная, такая інфармацыя прыйшла з берасцейскага СІЗА №7. Па папярэдніх дадзеных, у чарговай партыі – дзясятак жыхароў Пінска.

Праваабаронца Алесь Рамановіч адзначае, што такія звесткі перадалі пінчукі з другой групы абвінавачаных, якія зараз знаходзяцца пад вартай у Берасці:

– Людзі, якія зараз знаходзяцца ў СІЗА Берасця – гэта з другой групы. Яны на спатканнях са сваімі сваякамі казалі, што там не менш за 10 чалавек, якіх будуць судзіць ужо ў трэцяй групе. З трэцяй групы ніхто не звяртаўся, на жаль, да праваабаронцаў пакуль.

Праваабаронца дадае, што адназначна затрыманні ў межах гучнай “пінскай справы” яшчэ будуць трываць. Кіраўніцтва пінскай міліцыі агучыла лічбу ў 150 чалавек, якія па іх версіі бралі ўдзел у сутычцы з сілавікамі ў ноч з 9-га на 10-е жніўня пад будынкам Пінскага гарадскога выканкама. На сённяшні дзень ужо асуджана 24 чалавекі.

Беларускае Радыё Рацыя