Шахцёра Юрыя Корзуна, які абвесціў пратэст на глыбіні, гвалтоўна вынеслі з шахты



Салігорскага гарняка Юрыя Корзуна, які прыкаваў сябе наручнікамі да абсталявання на глыбіні 305 метраў і адмаўляўся падымацца на паверхню, гвалтоўна вынеслі з шахты, паведамляе тэлеграм-канал страйкама „Беларуськалія”.

Наручнікі, якімі Корзун сябе прыкаваў, разрэзалі, „ужыўшы сілу”. Гарняка вынеслі з шахты, на выхадзе з якой яго чакала машына хуткай дапамогі. Працоўнага адправілі ў прыёмны пакой Салігорскай цэнтральнай гарадской бальніцы.

У бок бальніцы ўслед за вывезеным шахцёрам рушыла калона з некалькіх дзясяткаў чалавек, якія раней сабраліся ў падтрымку Корзуна ля прахадной 1-га рудаўпраўлення прадпрыемства.

Пра адзіночную акцыю Юрый Корзун паведаміў раніцай 10 верасня. Ён заявіў, што мае намер знаходзіцца ў шахце да пачатку выканання яго патрабаванняў, у ліку якіх — адстаўка Лукашэнкі, неадкладнае спыненне сілавых дзеянняў у дачыненні да мірных грамадзян, іх выкраданняў, збіцця і катаванняў. Ён таксама патрабуе спыніць „запалохванне і звальненне працоўных”, вызваліць усіх затрыманых прадстаўнікоў страйкама. Пра свае патрабаванні гарняк пісьмова праінфармаваў кіраўніцтва прадпрыемства (фотакопія яго заявы таксама размешчаная ў тэлеграм-канале).

Перад тым як спусціцца ў шахту, Корзун апублікаваў зварот да працоўных на сваёй старонцы „УКантакце”: „8 верасня мне споўнілася 42. Усё свядомае жыццё я жыву пры рэжыме Лукашэнкі. Заўсёды быў апалітычны, але цяпер не магу заставацца ўбаку. АРЛ ніколі не любіў беларусаў! У гэтым жа годзе ён перастаў сябе стрымліваць і распачаў сапраўдны генацыд беларускага народа! Усе сілавыя структуры пад яго кіраўніцтвам перавысілі свае паўнамоцтвы, збіваючы, катуючы, гвалтуючы мірных пратэстоўцаў і проста выпадковых прахожых, застаючыся пры гэтым беспакаранымі! <…> Усім нам вядома, што робіць злачынец, які адчувае беспакаранасць! Ён паўтарае свае злачынствы з кожным разам усё больш вынаходліва і жорстка. І гэта можа закрануць кожную сям`ю ў нашай краіне! Што гэта, калі не спроба адраджэння фашызму?”

„Спыніць прававы дэфолт і пачаць мірны дыялог змогуць толькі працоўныя прадпрыемстваў! Больш улада не стане слухаць нікога! Так заявіў асабіста Лукашэнка, — піша Корзун. — Сёння я раблю свой выбар! Пратэст пачынаю на працоўным месцы ў забоі, гарызонт — 305 метраў. Цісну STOP!!! Пакідаць шахту адмаўляюся да пачатку выканання маіх патрабаванняў”.

Ён таксама заклікаў „усіх беларусаў, усіх, хто пры станках і вытворчых лініях, ужо сёння зрабіць правільны выбар у барацьбе са злом і беззаконнасцю”.

Юрый Корзун — вядомы ў Салігорску гарняк, выканаўца гімна „Беларускалія”.

 

***

Салігорскі шахцёр Юрый Корзун прыкаваў сябе наручнікамі на 300-метровай глыбіні на знак пратэсту супраць рэпрэсій у краіне.

„8 верасня мне споўнілася 42. Усё свядомае жыццё я жыву пры рэжыме Лукашэнкі. Заўсёды быў апалітычны, але цяпер не магу заставацца ўбаку, — напісаў ён у сацсетцы Вконтакте. —Усе сілавыя структуры пад яго кіраўніцтвам перавысілі свае паўнамоцтвы збіваючы, катаваючы, гвалтуючы мірных пратэстоўцаў і проста выпадковых мінакоў, застаючыся пры гэтым беспакаранымі!

Спыніць прававы дэфолт і прыступіць да мірнага дыялогу, змогуць толькі рабочыя прадпрыемстваў! Больш улада не стане слухаць нікога! Так заявіў асабіста Лукашэнка.

Сёння я раблю свой выбар! Пратэст пачынаю на працоўным месцы ў забоі, гарызонт-305м. цісну STOP!!! Пакідаць шахту адмаўляюся да пачатку выканання маіх патрабаванняў”.