Шалёны барсук напаў на мужчыну пад Гародняй
Як распавяла ветурач-эпізааталогіі Гарадзенскай райветстанцыі Вольга Трафімава, жыхар вёскі Сыпаная Гара Верцялішкаўскага сельсавета раніцай выправіўся ў лес. Дадому вярнуўся толькі ноччу, яго рукі былі акрываўленыя. Вясковец растлумачыў, што на яго нечакана напаў барсук і пакусаў. Мужчына спрабаваў ад яго адбіцца, піша газета „Перспектыва”.
Вярнуўшыся дадому, вясковец звярнуўся па меддапамогу ў траўмапункт. Барсука, якога знайшлі мёртвым на тым месцы, дзе ён накінуўся на пацярпелага, адправілі на лабараторныя даследаванні. Вынікі паказалі: жывёла хварэла на шаленства. На працягу двух месяцаў у ачагу будуць праводзіцца супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, у тым ліку пазапланавы адлоў бадзяжных жывёл і вакцынацыя хатніх гадаванцаў.