Шамана, які ішоў у Маскву «выганяць Пуціна», адправілі ў псіхдыспансер
Якуцкага шамана Аляксандра Габышава, які адправіўся пешшу ў Маскву „выгнаняць Пуціна”, накіравалі ў Якуцкі рэспубліканскі псіханеўралагічны дыспансер, паведамляе Міністэрства аховы здароўя рэспублікі.
У лякарні з ім правядуць «экспертныя мерапрыемствы». «Псіхіятрычная дыягностыка засноўваецца на гутарцы з пацыентам, удакладненні гісторыі жыцця і хваробы. Як медычнай службе нам важны сам пацыент і яго стан. У выпадку, калі ў дадзенага пацыента будуць выяўлены паталогіі, мы гатовыя аказаць кваліфікаваную медычную дапамогу. Пры неабходнасці могуць быць прыцягнутыя сацыяльныя службы», – гаворыцца ў прэс-рэлізе ведамства.
Нагадаем, Аляксандр Габышаў – жыхар Якуцка, які называе сябе «шаманам-ваяром». У сакавіку 2019 года ён пачаў пешы паход у Маскву, каб правесці «абрад выгнання Пуціна». Па дарозе да Габышава далучаліся яго прыхільнікі. Ён планаваў дайсці да сталіцы ў 2021 годзе, але быў затрыманы 19 верасня на мяжы Бураціі і Іркуцкай вобласці.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: www.tayga.info