Шарэнда знік, а Папкова хаваецца
Напярэдадні акцыі пратэсту “Марш абураных беларусаў 2.0”, якая запланавана на 21 кастрычніка, знік берасцейскі каардынатар Беларускага нацыянальнага кангрэса Андрэй Шарэнда. Знікненне адбылося ўвечары 13 кастрычніка, як паведаміла жонка актывіста Паліна прадстаўнікам СМІ. “Хутчэй за ўсё ён адбывае 15-суткавае пакаранне”, – лічыць берасцейская паплечніца Шарэнды па БНК Наталля Папкова, якая зараз сама хаваецца ад сілавікоў:
– Нас абодвух судзілі ў менскім судзе – ніхто не ведаў. Ні мяне, ні Андруся нават у краіне не было. Але нас пакаралі: Андруся – 15 суткамі, мяне – 7 суткамі. Мяне могуць адправіць на гэты тэрмін. Можа, яны хацелі схапіць мяне за 5-7 сутак да акцыі, але я збегла, зараз знаходжуся ў бяспечным месцы. Я з’ехала з Берасця, падрыхтавалася да акцыі. Яны да акцыі мяне ўжо не возьмуць. А пасля акцыі, хутчэй за ўсё, паеду я на Акрэсціна.
Напярэдадні акцыі 21 кастрычніка адбылася хваля затрыманняў палітыкаў і грамадскіх актывістаў па ўсёй Беларусі. “На ёй мы ўздымаем пытанні дэкрэта “аб дармаедстве”, гібель жаўнераў у войску, адстаўкі міністра абароны і хвалі палітычных рэпрэсій”, – зазначыла Наталля Папкова.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота tut.by