Шэры Кот: “Міліцыя паспрыяла, каб маіх падпісчыкаў стала болей”



Відэаблогер Дзмітрый Казлоў, асуджаны на 90 сутак арыштаў, рыхтуецца да наступнага суду. Усе, хто перажываў за ягоны лёс, тры дні таму ўзрадаваліся нечаканай навіне: пасля 26-ці дзён знаходжання за кратамі, яго нечакана выпусцілі на волю. Перад выхадам з аршанскага ізалятару часовага ўтрымання з яго ўзялі распіску, што ён з’явіцца адбываць астатнія тэрміны па першым патрабаванні міліцыянтаў.

Дзмітрый Казлоў хваляваўся, што страціць частку падпісчыкаў праз вымушаную адсутнасць у інтэрнэт-прасторы. Аднак атрымалася наадварот, кажа блогер:

– Я не ведаў, колькі ў мяне падпісчыкаў стала. Думаў, што стала, можа, і менш: хтосьці адпісаўся, раз не выходзяць новыя відэаролікі. Але не – 7 тысяч 400 ці 500, гэта дабавілася тысяча падпісчыкаў. Як заўсёды, міліцыя мне дапамагла: то яны мяне затрымаюць, то пасадзяць, то яшчэ нешта зробяць. А канал расце, людзі падпісваюцца ўвесь час.

Дзмітрый Казлоў вырашыў стаць відэаблогерам пасля “маршаў недармаедаў” у 2017-м годзе. Але найбольшую папулярнасць ягоны канал займеў пасля прамых трансляцый з менскіх акцый пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй.

За заклікі і ўдзел у гэтай акцыі хлопец быў асуджаны 6 разоў. Наступны суд чакае Шэрага Ката ў Менску 27-га студзеня. Вынік яго непрадказальны, таму блогер хоча скарыстаць некалькі дзён на волі па максімуме: сустрэцца з сябрамі, падаць скаргі на судовыя пастановы, з якімі ён не згодны, і распавесці пра ўсё, што з ім здарылася пасля затрымання 25 снежня.

Цалкам гутарку з відэаблогерам Дзмітрыем Казловым слухайце ў далучаным файле:

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя