Шэсць чалавек пацярпелі ад выбухаў у Берасці і Баранавічах
Шэсць чалавек пацярпелі 16 студзеня ад выбухаў у Берасці і Баранавічах.
Паводле інфармацыі МНС, у 16.40 у брэсцкае абласное ўпраўленне ведамства паступіла паведамленне аб выбуху ў гаражна-спажывецкім кааператыве ў Берасці на вул. Камерцыйнай. Адбылося поўнае разбурэнне гаражоў на плошчы 167 кв. м, гарэнне адбывалася пад абваленымі канструкцыямі на плошчы каля 10 кв. метраў. З траўмамі рознай ступені цяжару былі шпіталізаваныя двое мужчын і жанчына. Гарэнне лакалізаванае і ліквідаванае. Была арганізаваная разборка будаўнічых канструкцый падраздзяленнямі МНС пры дапамозе інжынернай тэхнікі. У выніку выбуху пашкоджана пяць аўтамабіляў. Прычына надзвычайнага здарэння высвятляецца.
У Баранавічах няшчасны выпадак здарыўся днём 16 студзеня на вуліцы Лебядзінай, паведаміла газета Intex-Press. „Гаспадар дома, пенсіянер, разам з сынам і суседам гутарылі ў двары. Што здарылася далей, пакуль дакладна не вядома, але пачуўся выбух. Аднаму мужчыну адарвала ногі да калена, у іншага — пералом галёнкі, у гаспадара хаты — парэзы. Усе трое былі шпіталізаваныя. На месцы здарэння сапёры выявілі два снарады часоў Вялікай Айчыннай вайны”, — адзначае выданне. У раёне надзвычайнага здарэння працавалі супрацоўнікі МНС, Баранавіцкага ГАУС, КДБ, Следчага камітэта, а таксама сапёры вайсковай часці 7404.