Шэсць грамадзян Беларусі пацярпелі ў ДТЗ ва Украіне



Шэсць грамадзян Беларусі пацярпелі ў ДТЗ у Мікалаеўскай вобласці Украіны. Пра гэта БелаПАН паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

Паводле яго слоў, аварыя адбылася раніцай 4 кастрычніка ля пасёлка Крывое Возера з мікрааўтобусам Mercedes-Benz на беларускіх нумарах. „Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелі шэсць чалавек, двое з іх знаходзяцца ў рэанімацыі”, — сказаў Глаз.

Пасольства Беларусі ва Украіне высвятляе акалічнасці здарэння. „Да пытання таксама падключылася Міністэрства аховы здароўя Беларусі”, — сказаў прэс-сакратар.

Варта адзначыць, што ў ліпені гэтага года таксама каля Крывога Возера адбылася аварыя, у якой загінулі пяць беларусаў і 12 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Тады пасажырскі мікрааўтобус сутыкнуўся з грузавым аўтамабілем.   БелаПАН