Шэсце на День Волі ў Берасце пачнецца а 12 гадзіне ад бульвара Касманаўтаў



На берасцейскіх вуліцах з’явілася друкаваныя агітацыйныя матэрыялы да Дня Волі 2017. На плакатах змешчана інфармацыя аб змесце акцыі, месцы і часе збору, а таксама выява герба “Пагоня”.

Кажа заяўнік і арганізатар акцыі, старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Шыманскі:

– Збор удзельнікаў шэсця прызначаны на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава, фактычна на прыпынку Машэрава, як ехаць у бок ЦУМа. Збор прызначаны на 12 гадзін. У 12 гадзін пачнецца шэсце з бел-чырвона-белымі сцягамі, таму мы заклікаем усіх прыносіць з сабой бел-чырвона-белую сімволіку. Адзінае, што падчас шэсця немагчыма выкарыстоўваць транспаранты і тэкставыя лозунгі. Таму мы заклікаем людзей рыхтаваць гэтыя транспаранты і разгортваць іх ужо падчас мітынгу, які адбудзецца на плошчы Свабоды.

Таксама вядома, што падчас акцыі будуць высунуты 5 патрабаванняў да ўладаў гораду і краіны. Неадкладнае вызваленне ўсіх затрыманых у сувязі з акцыямі пратэсту, стварэнне грамадска-кансультацыйнай камісіі з экспертаў для дыялогу з уладамі, вызначэнне месцаў для правядзення масавых акцый у цэнтры гораду, наладжванне сацыяльна-эканамічнага жыцця краіны разам з адменай дэкрэту “аб дармаедстве” і правядзенне свабодных і сумленных выбараў.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.