Шэсце на Дзяды ў Менску прайшло годна і прыгожа (абноўлена)
Шэсце ў Курапаты і мітынг ў дзень памяці продкаў прайшлі годна і прыгожа.
У шэсці ўзяла ўдзел каля 500 грамадзянаў рознага веку: была моладзь, людзі сталага веку, а таксама малыя дзеці з бацькамі.
За мерапрыемствам назірала маніторынгавая місія #ControlBY, створаная праваабарончымі арганізацыямі ПЦ „Вясна” і БГК. Калону суправаджалі супрацоўнікі ДАІ і пераапранутыя ў спартовую і цывільную вопратку асобы з рацыямі і спецпрыстасаваннямі, а таксама машына хуткай дапамогі ды яшчэ некалькі спецыяльных машынаў.
Пасля акцыі памяці ля крыжоў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах засталіся ліхтарыкі і знічкі, кветкі ды іншая памятная атрыбутыка.
Мерапрыемствы былі дазволеныя гарадскімі ўладамі Менска. Усё адбылося без правакацыяў і затрыманняў.
[Not a valid template]
1 лістапада прайшло традыцыйнае шэсце ў Курапаты з нагоды дня памяці продкаў. Мерапрыемства завяршылася. У ім бралі ўдзел каля 500 чалавек. Усё прайшло спакойна. Акцыю завяршылі песняй „Магутны божа”.
[Not a valid template]
Людзі дайшлі да Курапатаў. Ускладаюць кветкі, ставяць свечкі забітым тут.
Традыцыйны мітынг у Курапатах адкрыў сакратар управы КХП-БНФ Валерый Буйвал, які зачытаў зварот Зянона Пазьняка. Выступіў і Юрась Беленькі.
Сёлетняя акцыя «Дзяды» ў Менску пашырыла кола палітычных рухаў, якія бяруць у ёй удзел. У мінулыя гады арганізатарам шэсця была перадусім Кансерватыўна-Хрысціянская партыя БНФ, але гэтым разам у калоне нямала прадстаўнікоў іншых арганізацыяў: ад сацыял-дэмакратаў — тут Мікалай Статкевіч, ад руху «За Свабоду» — Юрась Губарэвіч, ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі — Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі. У калоне, паводле візуальнай ацэнкі, каля чатырох соцень чалавек.
Удзельнікі шэсця пройдуць вуліцамі сталіцы да ўрочышча Курапаты, вядомага як месца масавага пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Там з 14:30 да 17:00 пройдзе жалобная акцыя.
У калоне заўважаныя супрацоўнікі спецслужбаў. Людзей не пабольшала – 350 чалавек прыкладна. „Ціхароў” – чалавек 70. „У гэтай акцыі ёсць выразная сакральнасць. З года ў год неабыякавыя людзі збіраюцца, каб прайсці па горадзе 11 кіламетраў і такім чынам ушанаваць памяць сваіх продкаў, а таксама ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў,” — сказаў арганізатар шэсця Юрась Беленькі.
Калона рушыла, у ёй каля 250—300 чалавек. У шэсці бярэ ўдзел Мікалай Статкевіч, але не ўзначальвае калону.
Заяўнікі акцыі паведамілі, што, паводле традыцыі, збор удзельнікаў прызначаны на 11 гадзін на пляцоўцы каля Менскага завода гадзіннікаў. Пачатак шэсця ў 11:30.
Шэсце пройдзе паводле звыклага маршруту з невялікімі зменамі з прычыны рамонту на дарогах. А 14-й у Курапатах пачнецца мітынг, завершыцца акцыя ў 17 гадзін. Арганізатары заявілі пяць тысяч удзельнікаў.
Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ атрымала дазволы на правядзенне акцыі ад Менскага гарадскога і Менскага абласнога выканаўчых камітэтаў. Аднак Менаблвыканкам патрабуе ад заяўнікаў дамоваў на абслугоўванне з адпаведнай аплатай ад міліцыі, хуткай дапамогі і камунальных службаў. Заяўнікі лічаць гэтыя патрабаванні незаконнымі і маюць намер абскардзіць іх у пракуратуры.
Фота: Хлябец Максім, Аляксей Лапіцкі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск