Шэсце ў цэнтры Менска з партрэтамі Сталіна і сцягамі СССР
Прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, якія прадстаўляюць каардынацыйны савет лева-патрыятычных сіл Беларусі „Адзінства”, 9 траўня праводзяць у цэнтры Менска шэсце з партрэтамі франтавікоў.
У акцыі прымае ўдзел да 1.000 чалавек. Наперадзе калоны ідуць маладыя людзі з расцяжкай „Бессмяротны полк”. Некаторыя ўдзельнікі трымаюць чырвоныя сцягі, у тым ліку сцягі СССР, а таксама сцягі з партрэтамі Леніна і Сталіна.
У акцыі ўдзельнічаюць людзі розных узростаў, некаторыя з іх, у тым ліку дзеці, апранутыя ў ваенную форму часоў Вялікай Айчыннай вайны. Шэсце праходзіць па пешаходнай частцы праспекта Незалежнасці. Калону суправаджаюць супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, якія сочаць, каб не было якіх-небудзь парушэнняў дарожнага руху.
Першапачаткова лева-патрыятычныя сілы планавалі правесці ў Менску акцыю „Бессмяротны полк”, у прыватнасці шэсце і ўскладанне кветак да манумента Перамогі і Вечнага агню на плошчы Перамогі ў Менску. Аднак 5 траўня яны атрымалі адказ, у якім было пазначана, што Менгарвыканкам не дазваляе акцыю. Замест гэтага было прапанавана прыняць удзел у той жа дзень у вулічнай акцыі „Беларусь памятае”.
Тым не менш 8 траўня Менгарвыканкам узгадніў правядзенне шэсця „Бессмяротны полк” ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Перамогі, задаволіўшы заяўку прадстаўніка іншай арганізацыі — „Русь маладая”, якая ўваходзіць у аргкамітэт.
У каардынацыйны савет лева-патрыятычных сіл Беларусі „Адзінства” ўваходзяць такія арганізацыі, як аб’яднанні „За дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасць”, „Айчына”, „За Саюз і камуністычную партыю Саюза”, аргкамітэт па адукацыі Беларускай Камуністычнай партыі працоўных і іншыя. Узначальвае савет былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў (першае скліканне) Валерый Драка.
Фота: скрыншот з відэа