Шкодныя адкіды вывязуць з Зялёнага Бора?
Шкодныя адкіды акумулятарнай вытворчасці вывязуць з тэрыторыі Зялёнага Бора, што ў Івацэвіцкім раёне Берасцейскай вобласці.
Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт Берасцейскага абласнога выканаўчага камітэта. Адкіды свінцовай вытворчасці ўжо больш за два гады ляжаць наўпрост на прамысловай пляцоўцы пасярод лесу.
Кажа Кацярына Чорная, экалагічная актывістка і прадстаўнік ініцыятыўнай групы, якая выступае супраць будаўніцтва завода акумулятараў пад Берасцем:
– Усім чыноўнікам трэба паехаць у Зялёны Бор, пастаяць побач з гэтымі адкідамі хаця б 10-ць хвілін і паглядзець, што з імі будзе пасля. Гэта жахлівы стан, гэта пазывы рвотных мас, гэта слёзы, соплі. Там немагчыма знаходзіцца, там каля 700 жыхароў, якія гэтым дыхаюць.
2 траўня 2018 года адбылася сустрэча мясцовых жыхароў з прадстаўнікамі пасялковых уладаў, адказнымі за тэрыторыю ў Зялёным Боры, дзе знаходзяцца адкіды. Таксама былі пададзены шматлікія скаргі ў кантралюючыя інстанцыі Беларусі, тэма была ўзнята ў СМІ, актывісты правялі акцыі і неўзабаве ўлады прынялі рашэнне прыбраць адкіды.
„За чый кошт, куды і ў якія тэрміны – пакуль невядома”, – зазначылі экаактывісты і запэўнілі, што пракантралююць гэтае пытанне. Адкіды належылі перапрацоўчай кампаніі „Біт Сплаў”, якая ўваходзіць у групу кампаній „ПАК”, што будуюць акумулятарный завод пад Берасцем супраць якога выказаліся ўжо каля 40 000 чалавек.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя