Шматдзетная сям’я з Гомеля не дачакалася ільготнага крэдыта на жыллё



Гомельская сям’я з пяццю маленькімі дзецьмі не атрымала ільготны крэдыт для будаўніцтва індывідуальнага жыллёвага дома. Прэзідэнцкі Указ № 13, які яшчэ нядаўна гарантаваў шматдзетным сем’ям падобную дзяржаўную падтрымку, перастаў дзейнічаць.

Сям’я Мякшынавых у канцы 2014 года атрымала ад мясцовых уладаў зямельны ўчастак для будаўніцтва прыватнага дома ў катэджным пасёлку Раманавічы, што пад Гомелем. Умовай адкрыцця ільготнай крэдытнай лініі было ўзвядзенне 15 % будучага дома за свае грошы, што і было зроблена.

Бацька пяці дзяцей Аляксандр Мякшынаў звяртае ўвагу на тое, што прыпыненне выдачы крэдытаў сталася для іх нечаканасцю.

„Усе нашыя сямейныя зберажэнні мы выдаткавалі на падмурак будучай хаты. Гэта прыблізна і складае 15% ад агульнай пабудовы. Астатнюю суму мы планавалі атрымаць ад дзяржавы. Пакуль мы займаліся будаўніцтвам падмурка, заканадаўства памянялася. Мы хадзілі ў выканкам разбірацца, але там усе спасылаліся на прыпыненне ільготнага крэдытавання”, — дзеліцца сумнымі развагамі галава сям’і Аляксандр Мякшынаў.

Мякшынавы мелі права на 100%-ае крэдытаванне дзяржавай кватэры ў шматпавярховым доме. Але, паразважаўшы, вырашылі будаваць уласны дом. „Для паўнавартаснага выхавання нашых дзетак дом з прысядзібным участкам больш падыходзіў. Таму мы абралі варыянт з будаўніцтвам свайго жылля, што прадугледжвалася на той момант заканадаўствам”, – згадвае Аляксандр Мякшынаў.

На гэты момант шматдзетная сям’я месціцца ў двухпакаёвай здымнай кватэры. Участак у Раманавічах з недабудаваным домам пераўтварыўся ў фінансавыя кайданы для Мякшынавых.

Аляксандр Мякшынаў:

– Я прадпрымальнік, але ў сітуацыі з заробкамі, якая склалася ў апошні час, нерэальна самастойна пабудаваць сабе дом. Мы разлічвалі на дзяржаўную дапамогу, але цяпер не ведаем, што рабіць з участкам.

Шматдзетная маці Кацярына Мякшынава настроеная рашуча абараняць свае інтарэсы:

– Мне як маці вельмі крыўдна апынуцца ў такой сітуацыі. Усе знаёмыя нам кажуць: „Вы такія малайцы, што выхоўваеце 5 дзетак. Відаць, вам дзяржава дом пабудавала”. Калі ж я ім расказваю пра нашыя праблемы, усе ў шоку. Мы намераныя нават звярнуцца ў суд, каб абараніць нашыя правы. Указ жа фармальна дзейнічае, але крэдытаванне чамусьці спынілі.

Выдача ільготных крэдытаў на будаўніцтва індывідуальных дамоў для шматдзетных сем’яў была прыпынена ў сакавіку 2015 года ў звязку з даручэннем прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель