Што абазначае надпіс C+M+B на дзвярах?
Аб’яўленне Пана, па-народнаму Тры Каралі, святкуюць 6 студзеня вернікі каталіцкай канфесіі. Свята ўзнікла на Усходзе ў першыя стагоддзі хрысціянства.
У каталіцтве Багаяўленне святкуецца з IV стагоддзя і ўстаноўлена ў гонар падзеi, апiсанай у Евангеллi паводле Мацвея. Паганскія цары Каспар, Мельхіёр і Балтазар прыйшлі пакланіцца Хрысту і прынеслі дары.
Як кажа пробашч Глыбоцкай парафіі Мікалай Ціхановіч, да гэтага свята трэба рыхтавацца духоўна, прымаць слова і збаўчую ахвяру Хрыста. Таксама ён тлумачыць сэнс формулы, якая пішацца асвечанай у касцёле крэйдай на дзвярах хатаў:
– На самой справе больш дакладна і правільна трэба пісаць лацінкай. С лацінкай – гэта Christus. Потым літара M – mansionem, што азначае месца жыхарства, хата. Літарка B азначае benedicat – бласлаўленне. Такім чынам там пішацца, што Хрыстос бласлаўляе дом. Гэта не імёны трох каралёў – гэта канкрэтная форма бласлаўлення. Потым пішацца год. Вось гэтыя крыжыкі – гэта не проста плюсы, гэтыя крыжыкі азначаюць бласлаўленне, што Хрыстос бласлаўляе наш дом у гэтым годзе.
Па словах Мікалая Ціхановіча, галоўны сэнс свята Трох Каралёў для вернікаў павінен быць у тым, каб сустрэцца з Ісусам, быць на Святой Імшы, выслухаць Божае слова і крочыць далей шляхам Веры.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя