Што абурыла Алену Анісім падчас выставы ў парламенце?



Дэпутат Палаты прадстаўнікоў і старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім распавяла, як у парламенце арганізавалі выставу да 75-й гадавіны вызвалення Беларусі.

Алена Анісім: Выстава была зроблена тэндэнцыйна і вельмі мяне ўзрушыла. У парламенце паставілі інфармацыйныя стэнды з фотаздымкамі і калажамі. А на сталах ляжалі выданні. Тыя, што на рускай мове – патрыятычнага зместу. А вось газеты на беларускай мове былі са зместам лаяльным да нямецкай улады. Маўляў, немцы дазволілі правесці Купалле, яшчэ нешта добрае зрабілі. І калегі-дэпутаты такое пасланне ўспрынялі адназначна – беларускамоўныя супрацоўнічалі з немцамі падчас вайны.

Калі пачала даведвацца, хто рыхтаваў выставу, усе адразу пачалі сыходзіць ад адказнасці, маўляў, гэта не наша справа. Я такім падборам выставы абурылася і выказалася з гэтай нагоды старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміру Андрэйчанку. Той сказаў прыкладна так: мы не чакалі, што будзе такая рэакцыя.

РР: А хто арганізоўваў выставу?

Алена Анісім: Наколькі я зразумела, дэпутаты зрабілі замову ў нейкім архіве, і ўжо адтуль былі прадастаўлены экспанаты. Я пакуль дакладна не высвятліла, хто канкрэтна быў арганізатарм выставы, і хто займаўся падборам дакументаў, але сам па сабе факт вельмі прыкры. Некаму сёння вельмі хочацца выстаўляць усё беларускамоўнае ў такім святле.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя