Што беларускія эколагі кажуць пра высечкі ў пушчы?



Згодна з апошнім рашэннем ЮНЭСКА, Польшча мусіць спыніць высечку дрэў у Белавежскай пушчы і дапусціць экспертаў для ацэнкі шкоды, якую ўжо панёс старажытны лес. Такім чынам, міжнародная арганізацыя асудзіла дзеянні Міністэрства навакольнага асяроддзя. Мы ж пацікавіліся ў беларускіх навукоўцаў, што яны думаюць пра тактыку, ці нават палітыку, высякання хворага дрэвастою.

Пытанне адрасуем былому навуковаму супрацоўніку Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” Мікалаю Чэркасу, які працягвае жыць і працаваць на тэрыторыі пушчы, але ўжо як прадстаўнік грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

Для мяне асабіста гэта быў шок. Мы заўсёды на польскі бок раўняліся, таму што ў іх былі многія добрыя напрацоўкі. Перш за ўсё, выбарная сістэма дырэктара пушчы і навуковай рады. Белавежа была (не ведаю, як зараз) самым адукаваным населеным пунктам, калі казаць пра колькасць навукоўцаў на колькасць жыхароў. І сёння мы бачым, што існуюць такія вялікія праблемы з высяканнем лесу, – кажа навуковец.

Мікалай Чэркас кажа таксама, што Польшча заўсёды выступала ў ролі лакаматыва па лабіраванні інтарэсаў Белавежскай пушчы на міжнароднай арэне, першай выпрабоўвала перадавыя прыродаахоўныя тэхналогіі, па якіх пасля кансультавала беларускіх калег. Менавіта з ініцыятывы краіны-суседкі старажытны лес упершыню ўвайшоў у спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Пазней далучылася беларуская частка, а з 2014 года – уся пушча як адзіны транспамежны аб’ект.

Айчынным эколагам добра знаёмая праблема з высечкамі, бо ў 2000-х у Беларусі адбывалася тое самае. Пад маркай змагання з жуком-караедам у Белавежскай пушчы толькі па афіцыйных лічбах, якімі апелюе Мікалай Чэркас, спілавалі і прадалі 3.200.000 кубаметраў драўніны. Высечкамі кіраваў сумна вядомы ў ваколіцах пушчы Мікалай Бамбіза. Для параўнання: міжваенная Польшча пасля першай сусветнай вайны вывезла з гэтага лесу ўдвая менш, чаго ёй усё роўна хапіла на пагашэнне міжнародных крэдытаў.

Карупцыя і абагачэнне вузкага кола людзей – бадай, галоўная прычына, па якой навуковец асабіста асуджае палітыку маштабных высечак. Разам з тым галоўнай экалагічнай праблемай сённяшняй Белавежскай пушчы ён лічыць не размах сякеры ў польскай частцы, а агульнае старэнне дрэвастою.

Вялікая частка гэтай тэрыторыі з’явілася пасля пажару 1811 года. І зараз хмызнякі падыходзяць да свайго сталага ўзросту, пасля чаго пачнуць распадацца. І пры такой колькасці аленяў (якія выядаюць маладыя парасткі лістоўных дрэў. – Аўт.) тут будзе пустэльня, – зазначае Мікалай Чэркас.

У гэтым кірунку і працуюць пушчанскія прыродаахоўнікі.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Ян Каравай