Што дзяржава згубіла на дэкрэце аб “дармаедах”?
Эканаміст Леў Марголін разважае пра тое, што знайшла і што згубіла дзяржава, калі прыняла сумнавядомы дэкрэт.
Леў Марголін: Увогуле, наша ўлада не спыняецца перад стратамі, калі вырашыла ісці да нейкай мэты, якой хоча дасягнуць. А прыпыненне дэкрэта – гэта мера, якая ўжо была выпрабавана на прадпрымальніках. Напрыклад, указ, які датычыцца сертыфікацыі тавараў, быццам бы ніхто не адмяняў, але дэ-факта ён таксама прыпынены. Тое самае і з дэкрэтам аб “дармаедах”. Улада вырашыла пачакаць, пакуль будзе зручны момант, калі пра яго можна будзе ізноў успомніць. А зараз пакуль мы бачым спробу пагасіць пратэсты, якія ёсць. Магчыма, думаюць, што праз месяц-два пратэстныя настроі сыйдуць на “не” і тады можна будзе ізноў аднавіць дэкрэт. Тут дзейнічаюць раней адпрацаваныя тэхналогіі.
РР: Які тады эканамічны эфект ад гэтага дэкрэта?
Леў Марголін: Найперш трэба сказаць, які адміністратыўны рэсурс быў задзейнічаны ў зборы падатку на “дармаедаў”. Падаткавыя службы, мясцовыя адміністрацыі… Цяжка падлічыць прамыя страты, але яны відавочныя, калі лічыць у чалавека-гадзінах. Людзі ж займаліся гэтай працай, гублялі час, які можна было б скарыстаць на нешта больш карыснае. А так марнавалі працу на тое, што не прынесла выніку ні ў фінансавым сэнсе, ні ў палітычным, ні ў сацыяльным. І ўжо ніхто не ведае, навошта ўсё гэта было зроблена.
РР: Але ж, напэўна, першапачаткова разлічвалі за кошт дэкрэта добра папоўніць бюджэт…
Леў Марголін: Нават, калі дапусціць, што ўмоўныя 400 тысяч “дармаедаў” заплацілі б, то гэта ўсё роўна гэта не тая лічба, дзеля якой трэба было ісці на такі непапулярны крок.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя