У Лельчыцкім раёне яшчэ ў двух чалавек знайшлі каронавірус (абноўлена)



У Лельчыцкім раёне, дзе ў суботу шпіталізавалі 50-гадовага мужчыну з COVID-19, выяўлены новыя выпадкі гэтага віруснага захворвання, паведамілі TUT.BY крыніцы.

Фота: Гомель Online

Нагадаем, у суботу каронавірус выявілі ў дырэктара аднаго з мясцовых сельгаспрадпрыемстваў. Мужчыну шпіталізавалі ў Гомельскую інфекцыйную лякарню. Кантактавалі з ім людзей, а такіх аказалася нямала, адвозілі ў лякарню Лельчыц і Гомеля.

Учора ў раёне, па нашай інфармацыі, пацвердзіліся яшчэ два выпадкі каронавірусу. Афіцыйнай інфармацыі пра гэта пакуль няма. Але як паведамілі TUT.BY крыніцы, гаворка ідзе пра кантакты першага ўзроўню ізаляванага хворага.

Нагадаем, 23 сакавіка ў Міністэрстве аховы здароўя пацвердзілі інфармацыю аб выяўленым выпадку COVID-19 у іншым палескім мястэчку – Жыткавічах. Да гэтага жанчына тыдзень была на бальнічным з дыягназам ВРВІ і піла антыбіётыкі, але лепш ёй не станавілася.

У суботу, 21 сакавіка, жанчына зноў прыйшла ў Жыткавіцкім паліклініку да тэрапеўта. Пасля кансультацыі выйшла з кабінета – і страціла прытомнасць. На хуткай яе даставілі ў рэанімацыю і дыягнаставалі двухбаковае запаленне лёгкіх. У яе быў узяты мазок на COVID-19 – ён даў станоўчы вынік. Аднак 25 сакавіка стала вядома, што «праведзены шэраг тэстаў не пацвердзіў наяўнасць COVID-19 у пацыенткі з Жыткавіч».

***

У Лельчыцкім раёне, што на Гомельшчыне, зафіксаваны выпадак каронавірусу. Паводле мясцовых, гаворка вядзецца пра дырэктара аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Жыхарка Лельчыцкага раёна, якая прасіла не называць яе прозвішча, распавяла, што яшчэ абмяркоўваюць у раёне ў сувязі з гэтым:

– Гавораць, ён спачатку ў рэанімацыі ляжаў. Аднак не ведалі, што гэта каронавірус. Дык ягоная жонка нават на працу працягвала хадзіць. А потым, калі даведаліся, дык прыехалі два аўтобусы і ўсіх забралі. У нас з гэтай нагоды не панікуюць. Прадукты не скупаюць. Баяцца толькі тыя, хто меў з ім кантакт. А астатнія лічаць, што калі лёс не захварэць, то не захварэюць, а калі лёс захварэць, то што зробіш.

Інфармацыю пра зафіксаваны выпадак каронавірусу ў Лельчыцкім раёне пацвердзіла дзяржаўная лельчыцкая газета «Светлае жыццё», спаслаўшыся на галоўнага санітарнага лекара Гомельскай вобласці.

Беларускае Радыё Рацыя