Што хвалюе прадпрымальнікаў?
Старшыня РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка распавёў пра тое, што змянілася ў працы індывідуальных прадпрымальнікаў.
Анатоль Шумчанка: У апошні час павялічыўся дакументаабарот, і гэта пэўным чынам дадае складанасцей ІП-эшнікам у працы. Але не магу сказаць, што зараз для прадпрымальнікаў актуальныя нейкія праверкі альбо канфіскацыі тавара. Зараз у гэтым плане зацішша.
РР: Што яшчэ хвалюе прадпрымальнікаў?
Анатоль Шумчанка: Нізкая пакупальніцкая здольнасць насельніцтва – вось галоўная праблема, якая застаецца нявырашанай і невядома, калі наогул вырашыцца. Заробкі ў людзей зніжаюцца, а значыцца яны не маюць магчымасці набываць сабе нешта на рынку. Няма гандлю. У выніку некаторыя ІП-эшнікі закрываюць свае гандлёвыя кропкі, бо прыбытку – нуль. А то і ў мінус можна патрапіць, бо неабходна яшчэ заплаціць падаткі, за арэнду. Таму некаторыя зварочваюць бізнес да лета. У летні сезон усё-такі народ больш-менш актыўна ходзіць на рынкі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя