Што краіна зрабіла за год пасля далучэння да Балонскага працэсу?



Былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў адзначае, што вялікіх крокаў у кірунку рэфармавання сістэмы ВНУ не зроблена.

Нагадаем, што прайшоў ужо амаль год, як Беларусь далучылася да Балонскага працэсу і ўступіла ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі (ЕПВА). Пра гэта было абвешчана 14 мая мінулага года ў Ерэване на Канферэнцыі міністраў адукацыі краін ЕПВА і форуме па Балонскай палітыцы.

Новую заяўку на далучэнне да Балонскага працэсу і далучэнне да ЕПВА Міністэрства адукацыі Беларусі накіравала ў 2014 годзе. У пачатку красавіка сёлета стала вядома, што беларускае пытанне ўключанае ў парадак дня і кіраўнік Мінадукацыі Міхаіл Жураўкоў атрымаў запрашэнне на канферэнцыю ў Ерэван.

Першую заяўку меркавалася разгледзець яшчэ ў красавіку 2012 года на саміце міністраў адукацыі ЕПВА. Аднак пры падрыхтоўцы саміту Балонская рабочая група вырашыла зняць заяўку Беларусі з парадку дня ў сувязі з невыкананнем краінай такіх прынцыпаў Балонскага працэсу, як акадэмічная свабода, інстытуцыйная аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй.

РР: Год таму многія казалі, што факт прыняцця Беларусі ў Балонскі працэс – гэта выдадзены аванс, які яшчэ трэба апраўдаць. Ці апраўдалі?

Анатоль Паўлаў: Мне падаецца, што вялікіх зрухаў у адукацыйнай сістэме не адчуваецца.  Увогуле, уступленне ў Балонскі працэс – гэта быў больш палітычны крок, калі Еўропа такім чынам працягнула руку беларускім уладам да далейшай супрацы. І атрымалася, што Беларусь такім чынам як быццам далучылася і да агульнаеўрапейскай адукацыі. Але ж палітыка – гэта адно, а ёсць яшчэ і пэўныя абавязальніцтвы, якія якраз і буксуюць.

РР: Што вы маеце на ўвазе?

Анатоль Паўлаў: Напрыклад, я не бачу, што ў нас ідзе шырокі абмен з еўрапейскімі студэнтамі. Не бачу, каб быў такі абмен і выкладчыкамі. А ў 90-х гадах усё гэта было. У БДУ былі шырокія сувязі з многімі замежнымі ВНУ – Бохумскім універсітэтам, Венскім, Парыжскім… Таму год прайшоў, а прарыву няма.

РР: А што датычыцца студэнцкага самакіравання?

Анатоль Паўлаў: Мы ж бачылі, як студэнты захацелі сустрэцца з рэкатарам аднаго ВНУ, а той перадумаў ісці на сустрэчу. Прызначыў яе, а пасля адмовіўся. Які ж тут дыялог са студэнтамі? Якое самакіраванне? Што гэта за дэмакратыя ў вышэйшай школе, калі рэктар ігнаруе сваіх студэнтаў? Нават у савецкія часы такога не было. Таму да сапраўднай еўрапейскай сістэмы адукацыі нам яшчэ расці і расці. Не трэба цешыць сябе ілюзіямі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота freesmi.by