Што памянялася за год пасля акцыі пратэсту ў Слоніме?
Роўна год таму, 19 сакавіка, у Слоніме адбыўся Народны сход, у якім удзельнічалі больш за 300 чалавек. Пасля сходу слонімцы прынялі зварот да мясцовых вертыкальшчыкаў і да кіраўніцтва Беларусі. Зварот складаўся з 11 пунктаў, якія патрабавалі слонімцы: прыняць новы эканамічны курс, арыентаваны на стварэнне новых эфектыўных рабочых месцаў, а не на змаганне з беспрацоўнымі; спыніць рост цэнаў, падвышэнне пенсійнага ўзросту, рост за камунальныя паслугі; вярнуць кіруючую ролю Кастытуцыі, а не антынародных дэкрэтаў; адмяніць дэкрэт № 3; адмяніць сістэму кантрактаў; стварыць умовы для развіцця дробнага і сярэдняга бізнесу, адмяніць указ №222; забяспечыць нашы правы на атрыманне праўдзівай і поўнай інфармацыі пра сацыяльна-эканамічную і грамадска-палітычную сітуацыю ў Беларусі; забяспечыць законныя правы свабодна афармляць падпіску на “Газету Слонімскую” ў РУП “Белпошта” і купляць яе ў кіёсках “Белсаюздрук” і іншыя незалежныя выданні; правядзенне чэсных і справядлівых выбараў усіх узроўняў, вярнуць людзям права выбару; выпусціць на волю ўсіх затрыманых удзельнікаў мірных акцый пратэсту супраць дэкрэта № 3, спыніць беззаконне праваабарончых органаў, якія ў многіх гарадах Беларусі, у тым ліку ў Слоніме, арыштоўвалі людзей без форменнага абмундзіравання і апазнавальных знакаў з грубым прымяненнем сілы.
Зварот слонімцаў быў перададзены ў Слонімскі райвыканкам, высланы ў Адміністрацыю прэзідэнта, Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Пасля акцыі быў схоплены супрацоўнікамі Слонімскага РАУС адзін з арганізатараў сходу Віктар Марчык, якому пасля далі 7 сутак арышту. Кіраваў захопам Віктара Марчыка намеснік начальніка Слонімскага РАУС падпалкоўнік міліцыі Вадзім Шчурскі.
Слонімцы планавалі правесці і Народны сход-2. Але Слонімскі райвыканкамам акцыю не дазволіў…
[Not a valid template]
Што памянялася за год пасля акцыі пратэсту ў Слоніме – каментуе сябра Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл Віктар Марчык: “Пасля акцый пратэсту, якія адбыліся ў Слоніме і ў іншых гарадах Беларусі, улада прыпыніла дзеянне дэкрэта №3. Дзякуючы нашаму пратэсту ў Слоніме у нас адбыў адзін “круглы стол” з уладай, многія пытанні, якія раней не вырашаліся, вырашыліся на карысць простых людзей. На “Газету Слонімскую” можна падпісацца, і яна прадаецца ў кіёсках “Белсаюздруку”. Але за год не палепшылася сітуацыя з працоўнымі месцамі, а нават пагоршылася, працягваецца ціск на прадпрымальнікаў. Растуць цэны на прадукты харчавання і прамысловыя тавары, на камунальныя паслугі, на адукацыю і медыцыну. А выбары ў мясцовыя Саветы яшчэ раз паказалі тое, што ўлада не памяняла сваіх адносін да актыўных грамадзян, выбары па-ранейшаму фальсіфікуюцца”.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Беларускага Радыё Рацыя і Радыё Свабода