Што павінна абараніць журналістаў на масавых акцыях?
З 26 студзеня журналіст на акцыі абавязаны мець адмысловы знак прадстаўніка СМІ. Ужо ўступілі ў сілу змены ў закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь». Цяпер закон абавязвае журналістаў браць з сабой дакумент, які сведчыць асобу, і службовае пасведчанне. Акрамя таго, журналіст абавязаны мець адметны знак прадстаўніка СМІ: альбо нарукаўная павязка, бэйдж ці камізэлька. І гэта сапраўды можа абараніць журналістаў, прынамсі ад затрыманняў, кажа праваабаронца Дзмітрый Чарных.
– Хачу верыць, што гэтыя змены палепшаць працу журналістаў. Па-першае, журналісты будуць заўважальныя, іх нельга будзе затрымліваць як удзельнікаў масавых мерапрыемстваў. Яны выразна будуць выдзяляцца. Дагэтуль, паколькі не было такога патрабавання насіць бачныя апазнавальныя элементы, журналісты не хадзілі ў адмысловых камізэльках. Мне падаецца, што гэта абароніць журналістаў.
Адзінае патрабаванне, якое папраўкі ў закон прад’яўляюць да апазнавальнага знака, – каб ён быў добра бачны. Беларуская асацыяцыя журналістаў таксама заклікае калег загадзя падрыхтавацца, каб выконваць новае заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя