Што пінчукі думаюць пра свята 7 лістапада?
Беларусь адзначае Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, з былых краін СССР гэтае свята таксама захавалася ў Кыргызстане, а ва ўсіх астатніх яно адменена ці заменена.
Афіцыйныя мерапрыемствы ў Беларусі праводзіць толькі праўладная кампартыя ды дзяржаўныя прафсаюзы.
У Пінску ўсе ўрачыстасці з нагоды Кастрычніцкай рэвалюцыі традыцыйна адбываюцца на плошчы Леніна. Мінакі на плошчы падзяліліся сваім меркаваннем адносна 7-га лістапада:
– Для гісторыі напэўна чорны дзень, а калі асабіста для мяне, то ён усё маё свядомае жыццё быў чырвоным днём. Звычка была, яна і засталася яшчэ дагэтуль, паколькі выхаваныя былі, святкавалі, урачыстасці былі і парады на гэтай самай плошчы праходзілі.
– Наўрад ці гэта свята ў тым сэнсе, які раней быў.
– Бацька на сына, брат на брата, колькі знішчана з-за гэтай рэвалюцыі.
Большасць гісторыкаў лічаць, што Кастрычніцкая рэвалюцыя не можа быць дзяржаўным святам, бо не мае станоўчага выніку і не можа аб’ядноўваць нацыю з-за жудаснай грамадзянскай вайны. У Беларусі ў праўладных колах ужо гучаць прапановы змяніць сэнс свята.
Беларускае Радыё Рацыя