Што прапануюць турфірмы жыхарам Гародні?
Жыхарам Гародні, якія ўзімку хочуць адпачыць, прапануюць разнастайныя віды турызму. Асноўныя накірункі, куды прапануюць паехаць, гэта ўкраінскі Букавель і польскае Закапанэ.
Распавядае прадстаўніца турыстычнай фірмы “Дон Кіхот” Марта:
– У нас ёсць такія накірункі, як гарналыжныя курорты. У Карпаты будзе выезд аўтобусам, ёсць таксама прамы аўтобус з Гародні, або з падсадка ў Менску. Ці тое ж самае Закапанэ, тое ж самае, ёсць прамы выезд з Гародні і ёсць выезд з Менска.
РР: Як часта прапаноўваюцца такія выезды?
– З Гародні выезды не часта, бо групы на жаль на дадзены момант не збіраюцца.
Дырэктар турыстычнай фірмы “Калумбустур” Віталь Мацута кажа, што гэтыя накірункі ў гэтым годзе ўжо не карыстаюцца попытам:
– Гэтай зімой мала і вельмі слаба замаўляюць зімовы адпачынак на гарналыжных курортах, звычайна ва Украіну ў Букавель і Закапанэ ў Польшчы адпраўляюць дастаткова нашых беларускіх турыстаў, у гэтым годзе такіх замоваў практычна няма. Таму больш высілкаў цяпер і ўвагі трацім на бязвізавы ўезд на Аўгустоўскі канал і Гародню, адпаведна пераарыентаваліся на замежнага турыста, які прыязджае да нас.
За два апошнія месяцы Гародню і Аўгустоўскі канал можна наведаць без візы, што ўжо зрабіла больш за 2000 турыстаў з розных краін свету.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня