Што “свеціць” у Горках Міхаілу Жамчужнаму?
Былы палітвязень Мікола Дзядок, якому ў свой час давялося адбываць пакаранне ў калоніі ў Горках, патлумачыў, чаму Жамчужнаму прыйдзецца ў новай папраўчай установе няпроста.
Нагадаем, што ў красавіку заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны, якога праваабаронцы прызналі палітычным вязнем, быў пераведзены з калоніі ў Навасадах у папраўчую калонію №11 у Ваўкавыску. Учора нечакана высветлілася, што Жамчужнага ў калоніі няма. Прадстаўнік адміністрацыі паведаміў, што з 10 ліпеня Міхаіл Жамчужны пераведзены ў калонію №9, якая знаходзіцца ў Горках.
Прычыны пераводу не тлумачыліся, але стала вядома, што гэта распараджэнне Дэпартамента выканання пакаранняў МУС. Да слова, калонія ПК-9 вядома сваімі жорсткімі ўмовамі ўтрымання.
“Мяркую, што Жамчужнаму давядзецца ў Горках няпроста, – распавёў Беларускаму Радыё Рацыя Мікола Дзядок. – Па-першае, адміністрацыя там цісне на ўсіх зэкаў, а на палітычных – асабліва. Па-другое, для ціску актыўна выкарыстоўваюць касту блатных і нефармальныя турэмныя законы – „паняцці”. І апошняе – адміністрацыя не выпускае скаргі з калоніі, часта не пускае адваката ці абмяжоўвае час сустрэчы з ім і вядзе сябе дэманстратыўна нахабна, дэманструючы што нічога не баіцца”.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя