Што “свеціць” Зміцеру Паліенку?



Актывіст Вячаслаў Касінераў распавёў, што сітуацыя, у якую патрапіў былы палітвязень Зміцер Паліенка, даволі небяспечная.

Нагадаем, што былы палітычны зняволены Зміцер Паліенка выйшаў на волю 24 кастрычніка мінулага года. Пасля гэтага ён павінен быў амаль штодзень з’яўляцца ў Заводскі РУУС, каб слухаць лекцыі, якія тычыліся працаўладкавання.

Спачатку хлопец наведваўся ў міліцыю, а затым адмовіўся гэта рабіць. У выніку на актывіста было складзена некалькі адміністрацыйных пратаколаў па артыкуле 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніка міліцыі), яму выпісвалі вялікія штрафы.

Апошнім часам Паліенка зарэгістраваўся рамеснікам, што пазбаўляла яго неабходнасці наведваць лекцыі, пры гэтым працягвае займацца грамадскай дзейнасцю. Але не так даўно ён быў затрыманы.

Яго падазраюць у здзяйсненні злачынства па артыкуле 339, ч.3 (“Асабліва злоснае хуліганства”). Паводле версіі следства, Зміцер Паліенка распыліў пярцовы балончык у твар мужчыне, які прасіў не паліць на лесвічнай пляцоўцы. А вось знаёмая Зміцера Наста Гусева распавяла, што гэта п’яны мужчына першым распачаў канфлікт.

20 сакавіка Змцера змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, першапачаткова яго затрымалі на 10 сутак. 30 сакавіка Паліенку павінны былі альбо прад’явіць абвінавачванне, альбо выпусціць на волю. Тым часам, абвінавачванне да гэтага часу не прад’яўлена, а сам Зміцер Паліенка пераведзены ў СІЗА ў Жодзіна.

Вячаслаў Касінераў: Наколькі вядома, зараз са Зміцерам праводзяць нейкія следчыя дзеянні, хаця не зусім зразумела, што насамрэч адбываецца. Ужо мінулі 10 сутак, калі павінны былі прад’явіць абвінавачванне, але ж следчыя маўчаць. Мы нават не ведаем, у якім прававым статусе ён зараз знаходзіцца.

Гэта ўсё дае падставу думаць, што справа развальваецца, і ў дзеяннях Зміцера няма ніякага складніка злачынства. Магчыма, следчыя ўскосна прызнаюць, што Паліенка не вінаваты, але ёсць загад начальства “павыхоўваць” актывіста.

РР: Што вядома пра пацярпелага?

Вячаслаў Касінераў: Сведкі кажуць, што так званы пацярпелы злоўжывае алкаголем, на гэта ўказвалі і следчым. Але ж Паліенка выступае супраць улады, і гэта, відаць, з’яўляецца апраўданнем для таго, што чалавек зараз знаходзіцца за кратамі.

РР: Ці спыніў Зміцер Паліенка галадоўку?

Вячаслаў Касінераў: 24 сакавіка ён і насамрэч аб’явіў галадоўку, патрабуючы ад адміністрацыі ізалятара аказаць яму неабходную медыцынскую дапамогу, забяспечыць свабоду перапіскі і выдаць асадкі, каб можна было пісаць лісты. Гэтыя патрабаванні былі задаволены, таму зусім магчыма, што галадоўка ўжо спынена. Але ў любым выпадку Зміцер працягвае знаходзіцца пад вартай, і трэба рабіць усё, каб дамагацца яго вызвалення.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота spring96.org