Што важней для краіны: алімпійскія медалі ці поспехі ў эканоміцы?
Пра тое, ці ёсць у зборнай беларускіх алімпійцаў нацыянальная ідэя, распавядае палітык і спартовы заўзятар Павел Знавец.
Павел Знавец: Улічваючы ўсе допінгавыя скандалы вакол Алімпіяды, пад якія патрапіла і беларуская каманда, можна сказаць, што той вынік, што пакуль паказваюць нашы алімпійцы – нармальны. Як кажуць, асабліва зорак з неба не хапаюць, але і вялікага правалу няма. Сярэдні выступ.
РР: Кіраўнік краіны быў незадаволены выступленнем асобных алімпійцаў. Маўляў, вынікі паказалі зусім слабыя, не варта было ў такім выпадку і ехаць на Гульні… Але што важней для краіны: алімпійскія медалі ці поспехі ў эканоміцы?
Павел Знавец: Калі параўноўваць з іншымі Алімпіядамі, то пакуль беларусы і насамрэч няўдала выступаюць. Але слушна заўважана, што найперш трэба казаць пра ўласныя поспехі, а ўжо затым іншых крытыкаваць. Спартовыя поспехі – гэта ўсяго толькі частка міжнародных дасягненняў краіны, але ж найперш у свеце глядзяць не на гэта. Праўда, у нас усё перавярнулі з ног на галаву. А што датычыцца алімпійцаў, то, мяркую, некаторым і праўда не хапае патрыятызму, сапраўднай моцы духу.
У 1992 годзе ў складзе Аб’яднанай каманды пад бел-чырвона-белым сцягам беларускі гімнаст Віталь Шчэрба аж шэсць залатых алімпійскіх медалёў заваяваў. І гэты рэкорд, на мой погляд, ніколі не будзе пабіты. Трэба вяртацца да сваіх вытокаў і да сваіх каранёў.
А ў нас сцяганосцам алімпійскай зборнай выбіраюць чалавека, які заяўляе, што беларуская мова – мёртвая. Дык што вы хочаце ад такіх спартоўцаў? Так ён і выступіў і яшчэ дадаў, што ўдзел у Гульнях для яго – не галоўнае.
РР: Хочаце сказаць, што ў камандзе няма нацыянальнай ідэі?
Павел Знавец: Няма абсалютна.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота REUTERS