Што збіраюцца рабіць улады ў Свіслачы з магілай Віктара Каліноўскага?



Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь збіраецца бліжэйшым часам правесці ўскрыццё магілы Віктара Каліноўскага ў Свіслачы і эксгумацыю яго парэшткаў. Замоўчванне ўладамі таго, што яны збіраюцца рабіць, прыводзіць да розных чутак і версій.

Стала вядома, што тыдзень таму раённы цэнтр Свіслач наведаў прадстаўнік Следчага камітэту. З кім з мясцовых уладаў ён сустракаўся – невядома. Ёсць звесткі, што ўжо 8 ліпеня ў Свіслач прыедзе цэлая брыгада следчых і экспертаў, якія будуць рабіць даследаванне. Паводле адной з версій у Свіслач прыедуць і адмыслоўцы з Літвы, а справа датычыць ідэнтыфікацыі знойдзеных не так даўно ў Вільні магчымых парэшткаў Кастуся Каліноўскага перад плануемым увосень перапахаваннем паўстанцаў.

Карэспандэнту нашага радыё ўдалося датэлефанавацца ў Менск да старшага следчага следчага ўпраўлення Паўла Чухольскага. Менавіта ён альбо кіруе гэтай справай альбо мае да яе наўпроставае дачыненне.

Павел Чухольскі адмовіўся даць афіцыйны каментар наконт плануемай эксгумацыі, сказаўшы, што яшчэ рана каментаваць сітуацыю. Разам з тым ён не адпрэчыў неафіцыйную інфармацыю пра плануемыя раскопкі могільніка. А значыць нейкія дзеянні ўсё ж плануюцца. Тады якія? Чаму не паведаміць пра гэта грамадскасці хоць бы ў мясцовых медыях?!

Апошні тыдзень грамадскія актывісты спрабавалі высветліць сітуацыю. Свіслацкі грамадскі актывіст Юрый Глебік звяртаўся да прадстаўнікоў раённай улады, але дакладнага адказу так і не атрымаў. Гарадзенскі праваабаронец і журналіст Уладзімір Хільмановіч наведаў аддзел культуры Гарадзенскага аблвыканкаму, аднак там запэўнілі, што нічога не ведаюць пра гэтую справу і не маюць да яе дачынення.

Сітуацыю каментуе Уладзімір Хільмановіч: “Калі справа ідзе сапраўды пра ідэнтыфікацыю парэшткаў Віктара Каліноўскага – то гэта пытанне агульнанацыянальнага маштабу. Тут павінна быць абавязковае шырокае грамадскае абмеркаванне з удзелам дасведчаных гісторыкаў і краязнаўцаў. Пытанне вельмі складанае і далікатнае. Калі ўлады збіраюцца паспешліва праводзіць такую эксгумацыю – то гэта будзе поўная прафанацыя альбо спланаваная палітычная акцыя па дыскрэдытацыі маленькага народнага мемарыялу і памяці братоў Каліноўскіх. Рэч у тым, што сітуацыя з магілай Віктара Каліноўскага нагадвае гісторыю з магілай Максіма Багдановіча ў Ялце. Дакладнае месца пахавання Віктара Каліноўскага вызначыць цяжка. Дакладна вядома, што яго пахавалі на свіслацкіх могілках. Аднак, з 1862 года прайшло шмат часу, не раз разбуралася і перабудоўвалася капліца, якая побач магілы, адбываліся новыя пахаванні. Парэшткі брата Кастуся Каліноўскага могуць знаходзіцца як непасрэдна пад помнікам-крыжам, так і ў радыусе ад аднаго да пяці, а то і больш метраў. У пачатку 1990-ых гадоў разламаныя крыж і камень з магілы Віктара Каліноўскага знайшлі мясцовыя краязнаўцы, у прыватнасці Аляксандр Палубінскі, якога ўжо няма ў жывых. Помнік аднаўлялі гарадзенцы і свіслачцы, укладалі туды асабістыя сродкі. Калі плануецца такая эксгумацыя, то следчыя павінны надзвычай дэталёва апытаць гісторыкаў, краязнаўцаў, тых людзей, якія аднаўлялі помнік і надмагілле. А не прыязджаць патаемна (гэта ж не таямніца следства!), руйнаваць помнік з надмагіллем, весці нейкія паспешлівыя раскопкі. Думаю, што на гэта ў іх няма ні юрыдычнага, ні маральнага права”.

Як будуць развівацца падзеі далей – пакажа бліжэйшы час. Аднак ужо зараз можна канстатаваць, што адсутнасць галоснасці ў такой справе, дзе павінна быць абсалютная публічнасць і абмеркаванне, недапушчальныя. Магчыма пасля гэтай публікацыі адказныя асобы дадуць нейкае афіцыйнае тлумачэнне. Грамадскія ж актывісты і журналісты працягнуць звароты ў дзяржаўныя структуры і будуць сачыць за сітуацыяй у Свіслачы.

Беларускае Радыё Рацыя