Што зрабіць, каб елка прастаяла як найдаўжэй?
На Берасцейшчыне лясгасы вызначыліся з коштам за навагоднюю елку. Грамадзянам будзе прапанаваны галоўны сімвал святаў ад 50 да 325 тысяч рублёў. Гандаль елкамі лясгасы пачнуць 23 снежня на адмысловых навагодніх кірмашах.
Супрацоўнік лясгасу Віктар Мялішчэнка распавёў, што зрабіць, каб елка доўгі час не губляла свайго выгляду ў хатніх умовах:
– Для таго, каб елка прастаяла і не асыпалася на працягу ўсіх навагодніх святаў, трэба ніз стволіка акарыць на вышыню 8-10 сантыметраў. Пасля яе трэба абавязкова паставіць у ваду, пажадана дадаць у ваду таблетку аспірыну, шчыпотку солі і сталовую лыжку цукру.
Лясгасы Берасцейшчыны нагадваюць, што танней легальна набыць лясную прыгажуню, чым высекчы самастойна. За гэта прадугледжаны штраф у памеры 60 базавых вялічынь, што раўняецца 10 мільёнам.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя