Штогод колькасць анкалагічных захворванняў павялічваецца ў сярэднім на тысячу
У 2019 годзе ў Беларусі было зарэгістравана 49.930 новых выпадкаў анкалагічных захворванняў, паведаміў намеснік дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава па хірургіі Віктар Кахнюк.
Паводле яго слоў, у 2018 годзе было выяўлена 48.900 хворых. Такім чынам, штогод колькасць новых выпадкаў павялічваецца прыкладна на тысячу, адзначыў ён.
У мужчын найбольш часта выяўляюць рак падкарэннай залозы, рак лёгкага і каларэктальны рак. У жанчын на першым месцы рак малочнай залозы, на другім – каларэктальны, на трэцім – рак маткі. «Гэтая тэндэнцыя захоўваецца на працягу апошніх чатырох-пяці гадоў», – сказаў анколаг.
«Адзінае, што мы можам зрабіць пры росце захворвання, – гэта паляпшэнне дыягностыкі, – падкрэсліў Кахнюк. – І самае галоўнае ў ёй – дыягнаставанне захворвання на ранніх стадыях. Гэта і меншыя фінансавыя затраты, і лепшыя вынікі лячэння».
Ён адзначыў, што лягчэй за ўсё выяўляюцца анкалагічныя захворванні, якія можна вызначыць візуальна, напрыклад рак малочнай залозы. У 2019 годзе рак слізістай поласці рота ў 40% выпадкаў быў выяўлены на IV стадыі, калі «толкам дапамагчы чалавеку ўжо нельга».
Згодна са словамі прадстаўніка РНПЦ, за 2019 год якасць дыягностыкі павысілася – 67% анказахворванняў было выяўлена на I і II стадыях. Кахнюк дадаў, што яшчэ больш эфектыўныя вынікі ранняй дыягностыкі можна атрымаць укараненнем на дзяржаўным узроўні скрынінгу. Сёння ў краіне наладжаная сістэма скрынінгу па раку малочнай залозы, каларэктальным раку і раку падкарэннай залозы. Летась на рак малочнай залозы было абследавана 75 тыс. жанчын – на 24% больш, чым у 2018-м. Захворванне знайшлі ў 379 з іх, у 90,7% – на ранніх стадыях.
На рак падкарэннай залозы абследаванне прайшлі 138 тыс. мужчын. Хвароба выяўленая ў 884 чалавек, у 80,7% – на ранніх стадыях. Таксама абследавана 30 тыс. беларусаў на каларэктальны рак. Выяўлены 81 выпадак захворвання, у 82% – на ранніх стадыях.
«Тут трэба сказаць, што скрынінг у нас не мае дзяржаўнага характару і праводзіцца на рэгіянальным узроўні, таму што гэта вельмі вялікія расходы. Мы бяром у рамках пілотных праектаў пэўную тэрыторыю. У гэтым выпадку па каларэктальным раку абследаваліся жыхары Салігорскага раёна Менскай вобласці, якія абслугоўваюцца ў прэзідэнцкай клініцы», – растлумачыў анколаг.
Беларуская сістэма скрынінгу, паводле слоў спецыяліста, падобная на англійскую. «Яшчэ ў 2010 годзе ў Вялікабрытаніі была апублікаваная праца паводле вынікаў скрынінгу каларэктальнага раку, праведзенага на дзяржаўным узроўні. Выявілася, што расходы на скрынінг на працягу года перавысілі расходы на лячэнне гэтых анкалагічных пацыентаў. Таму яны вымушаныя былі ад такога маштабнага скрынінгу адмовіцца», – сказаў Кахнюк.
На пытанне БелаПАН, калі ў Беларусі паўсюдна будзе ўведзены даўно заяўлены скрынінг рака шыйкі маткі метадам вадкаснай цыталогіі, прадстаўнік РНПЦ адказаў: «Пры ўвядзенні гэтага метаду скрынінгу мы сутыкнуліся з цэлым шэрагам праблем, у тым ліку тэхнічнага характару. Выявілася, што гэта не так лёгка, як здавалася першапачаткова. Я зараз не магу сказаць, калі мы цалкам пачнем працаваць у гэтым кірунку, каб мець даныя, як па трох іншых лакалізацыях. Нам патрэбнае абсталяванне, падрыхтаваныя спецыялісты-цытолагі. Працягваюцца дыскусіі аб тым, якіх жанчын уключаць у гэты скрынінг, таму што ў Амерыцы і Еўропе розныя падыходы. Мы працуем над гэтым, магчыма, сёлета скрынінг раку шыйкі маткі пачнецца».
Фота: www.ctv.by