Штраф і суткі за Пагоню



Кіроўца з аграгарадка Малеч Генадзь Клімашэвіч пакараны судом Бярозаўскага раёна штрафам 20 базавых велічынь.

Віной Клімашэвіча стаў зроблены ім герб Пагоня, які быў вывешаны на абшыўку балкона напярэдадні Дня волі.

Бярозаўскія міліцыянты і суддзя Алена Нямкова ўбачылі ў гэтым пікет, нягледзячы на тое, што герб Пагоня зарэгістраваны і з’яўляецца гістарычнай каштоўнасцю. Перад судом трое сутак вясковец адсядзеў у ізалятары часовага ўтрымання Бярозаўскага РАУС.

Паводле Клімашэвіча, на судзе ён нібыта прызнаў сваю віну, каб хутчэй вызваліцца, бо дома чакаў сын і гаспадарка:

– Я прызнаў, мэта была – хутчэй выйсці адтуль. Я быццам і не пагадзіўся з імі, сказаў, што герб дазволены. Суддзя таксама сказала, што так, гэта гістарычная каштоўнасць, але яна павінна быць у музеі або ў хаце на сценцы.

Сябра праваабарончага цэнтра Вясна Сяржук Русецкі лічыць і затрыманне, і прысуд незаконным, а правы Клімашэвіча парушанымі. Не было ніякай патрэбы затрымліваць у гарачую пару саўгаснага кіроўцу на трое сутак, па-першае. А па-другое,  герб не забаронены і размяшчэнне яго на асабістай тэрыторыі не падпадае пад адміністрацыйную адказнасць:

– Ён як грамадзянін Беларусі мае права на выказванне свайго меркавання. На якой падставе суд прызнаў балкон прыватнага дома грамадскім месцам, дзе праводзілася несанкцыянаванае масавае мерапрыемства?  Гэта толькі ў нашых сучасных умовах магчымае.

Генадзь Клімашэвіч не збіраецца абскарджваць рашэнне Бярозаўскага суда, бо не мае ні часу, ні жадання. Мужчына ўпэўнены, што гэта зараз безвынікова, але захавае судовыя паперы для будучыні. Яны спатрэбяцца абавязкова, упэўнены вясковец.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя