Штраф на пустым месцы
Участковы інспектар Бярозаўскага РАУС маёр Сяргей Воўк пакараў штрафам 25 рублёў непрацуючага жыхара аграгарадка Кабакі Паўла Панамарова за язду на ровары па краі асфальтаванай дарогі. Згодна пастановы ўчастковага, Панамароў павінен быў ехаць па абочыне дарогі. Але абочыны непрыдатныя для карыстання, кажа Павел Панамароў:
– «Па абочыне чаму не ездзіш, а па асфальце». Я кажу: «Дык зрабіце абочыну, дарожкі роварныя, і я забуду пра асфальт».
РР: Дык па абочыне нельга ездзіць, трава, зарослае ўсё.
– Дык вось жа, нельга, паглядзіце, што робіцца.
РР: Калі вы так сказалі, што зрабіце, што ўчастковы вам адказаў?
– Ён сказаў, што ёсць абочына, ездзі па абочыне. А што я яму больш скажу? Ён маёр, я баяўся з ім больш гаварыць на такую тэму.
РР: А вы ведаеце гэтага міліцыянта?
– Участковы наш. Як яго зваць – не ведаю. З міліцыяй ніколі не сутыкаўся.
– Вось пачытайце, што ён напісаў. Ладна, каб Панамароў быў п’яны, тады іншае пытанне.
РР: Рухаўся па праезджай частцы дарогі пры наяўнасці прыгоднай для руху абочыны.
– У нас няма абочын.
– Ён мяне падрэзаў. Сказаў, сядай у машыну, штраф адну базавую выпісаў і паехаў.
РР: Вы яму ўказвалі на адсутнасць абочыны?
– А што я яму скажу? Нічога не скажу, баюся.
РР: Як вы ставіцеся да работы міліцыі?
Адказваюць жыхары Кабакоў:
– Ай, міліцыя зараз таксама разбэшчаная моцна. Бывае, да чалавека нават невінаватага прычэпяцца і ўсё.
– Вось едзеш, дык могуць прыкапацца да любога слупа і выпішуць “прэмію” з нічога.
– Я дык стараюся менш ездзіць на ровары, толькі па глухіх сцежках.
– Хоць на ровары, хоць на машыне, хоць пешшу, калі ім патрэбна, то знойдуць да чаго прыдрацца і аштрафуюць. А будзеш спрачацца – дадуць яшчэ больш.
– Трэба ведаць свае правы. Тут не адзін Панамароў, тут шмат такіх выпадкаў. Калі я ведаю, як абараняцца, дык у мяне не было б такой сітуацыі.
– Мяне не чапаюць, і я іх не чапаю. Але вось што да людзей чапляюцца. Няўжо участковы не бачыць, што ці наогул няма абочын, ці такія, што па іх немагчыма ездзіць, поле натуральнае. Але ім даюць план па штрафах і яны яго павінны выканаць, інакш гэта адаб’ецца на іх заробках, яны самі іншы раз пра гэта кажуць. Ведаеце, клянуць нашы людзі што міліцыянтаў, што чыноўнікаў. Моцна клянуць.
– Ідзеш, едзеш, ДАІсты прыпыняюць, прыдзіраюцца, трэплюць нервы і пры гэтым атрымліваюць задавальненне. Хаця колькі разоў ужо пераконваўся, што многія супрацоўнікі ДАІ самі не ведаюць правілаў. Напрыклад, пытаеш пра прычыну спынення. Адказваюць, праверка дакументаў. А праверка дакументаў не з’яўляецца нагодай для спынення, калі я нічога не парушаю. Або скажаш, прадстаўцеся, хто вы. Адказвае, што ён не павінны прадстаўляцца. Калі ў правілах дарожнага руху чорным па беламу напісана, што абавязаны прадставіцца і паказаць службовае пасведчанне. А іншы пакажа пасведчанне, але іншым бокам, а не тым, дзе прозвішча напісана. Зараз крыху прыціхлі. А яшчэ паўгода таму ад няма чаго рабіць маглі здзекавацца. А ўсе яны жывуць і працуюць за грошы падаткаплацельшчыкаў. У нармальнай цывілізаванай краіне такога і ўявіць сабе немагчыма.
Павел Панамароў лічыць пакаранне незаконным і будзе яго абскарджваць.
Беларускае Радыё Рацыя