Штраф незалежным журналістам з Берасця пакінулі ў сіле
Пакаранні берасцейскіх журналістаў Міланы Харытонавай і Алеся Ляўчука пакінулі без зменаў. Яны спрабавалі абскардзіць рашэнне Суда Кобрыньскага раёна ў Берасцейскім абласным судзе. У красавіку фрылансерам прысудзілі штрафы за “непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі” і “незаконны выраб прадукцыі СМІ”.
Мяркую, што гэта было пакаранне за асвятленне акцыі супраць дэкрэта “аб дармаедстве” у Кобрыні, – лічыць Мілана Харытонава:
– Гэтым усім кіравала міліцэйскае начальства. Гэта не была ініцыятыва нейкага міліцыянера-участковага, гэта была цэлая спецаперцыя. У іх процьма рапартаў напісана, як яны нас затрымлівалі, як мы не падпарадкоўваліся.
Алесь Ляўчук: Журналісты паказваюць праўду пра тое, што ў нас адбываецца. Яны расказалі пра акцыю пратэсту ў Кобрыні на ўсю краіну.
Скаргу журналістаў у Берасцейскім абласным судзе разглядаў суддзя Аляксандр Саўчук. Агульная сума штрафу склала 85 базавых велічыняў. «Збіраемся абскарджваць гэтыя рашэнні ў вышэйшых інстанцыях», – паведамілі журналісты.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота Белсат