Берасцейская крама „Князь Вітаўт” аштрафаваная на 5800 рублёў
Пра гэта паведаміў яе ўладальнік Алег Чапараў.
Пастанову вынес мясцовы эканамічны суд па выніках праверкі падатковай інспекцыі.
„Мы задаволены вынікамі суду”, – кажа ён:
– Суд прыняў нашы доказы, што сума парушэнняў складае не амаль 80 тысяч рублёў, а ў разы менш. Суму парушэнняў нам зменшылі, яна склала 23 з невялікім тысяч рублёў, ужо ад гэтай сумы нам быў вынесены штраф, які склаў 5800 рублёў.
Нягледзячы на станоўчы для крамы варыянт развіцця падзей у судзе, у бізнесмэнаў назапасіліся і штрафныя санкцыі па выніках іншых праверак і таму яны просяць пра дапамогу:
– Невядома як зараз гэта сплаціць, здолеем мы ці не. Будзем спадзявацца, што ўсе пойдуць нам на сустрэчу, пастаўшчыкі змогуць даць адтэрміноўку па аплатах сваіх тавараў. Таксама просім дапамогі і ў людзей канешне ж.
У асартыменце берасцейскай крамы „Князь Вітаўт” была нацыянальная сімволіка. Неўзабаве перад выбарамі крама пачала несці фінансавыя страты ў выніку праверак дзяржаўнымі органамі, таму са стацыянарнай кропкі ёй прыйшлося сысці ў інтэрнэт.
Дапамагчы „Князю Вітаўту” можна двума спосабамі: замовай тавараў або ахвяраваннямі. Інфармацыя пра рахунак пазначана ў сацыяльных сетках крамы.
Беларускае Радыё Рацыя