Штраф за свіней, якіх ужо не было ў гаспадарцы



Штраф за трыманне свіней у прыватнай гаспадарцы ў 900 тысячаў рублёў мусіць заплаціць жыхарка вёскі Абухава Галіна Дзербыш. Суд Ленінскага раёну Гародні, куды яна звярнулася са скаргай на гарадзенскі райвыканкам, застаўся на баку ўладаў.

На думку Галіны Дзербыш штраф, які вынесла ёй адміністрацыйная камісія, занадта высокі, а таму прасіла яго зменшыць, альбо замяніць на папярэджанне. Улічваючы тое, што пад час складання пратаколу свіней у гаспадарцы ўжо даўно не было, а значыць не было складу правапарушэння, – кажа Галіна Дзербыш пасля судовага паседжання на чале суддзі Алены Пятровай.

– Заўсёды простаму чалавеку цяжка змагацца з уладай. Хоць бы яны і не правы, але заўсёды яны выходзяць правы. А ты, калгаснік дурны, душыся – рабі на іх. Я лічу, што незаконна накладзены штраф. На момант складання пратаколу свіней у гаспадарны ўжо не было. 20 жніўня ў мяне былі свінні, яны прыходзілі і сказалі, што нельга трымаць. Мы парэзалі 24 ці 25-га. А пратакол ў снежні складзены. Дык я дурная, навошта рэзала, хай бы яшчэ стаялі.

Прадстаўніца райвыканкаму ў судзе Тацяна Бычкоўская казала, што рашэнне аштрафаваць зыходзіла са справы дзяржаўнай важнасці, бо існавала небяспека захворванняў 24 тысячаў свіней, якія гадуюцца ў жывёлагадоўчых комплексах вёсак Саволеўкі і Коматава. А гэтыя вёскі знаходзяцца ў некалькіх кіламетрах ад Абухава. Санітарны каранцін каля свінагадоўчых комплексаў дзейнічае ўжо трэці год.

Па неправераных звестках стала вядома, што ў інфекцыйнай бальніцы Гародні памёр чалавек ад свінога грыпу. Імаверна, гэта першы выпадак у абласным цэнтры за 2016 год.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя