Штраф жыхарцы Століна, якую судзілі без яе ведама, адмянілі



Суд Берасцейскай вобласці адмяніў штраф, накладзены на жыхарку Століна за ўдзел у масавай акцыі. Пра гэта яна сама распавяла карэспандэнту «Першага Регiёна».

Фота: media-polesye.by

Аксана Дабрыянец аспрэчвала рашэнне раённага суда ў некалькіх інстанцыях. І не толькі таму, што не лічыць сябе вінаватай. А яшчэ і таму што справа разгледзелі без яе.

Аксане ставілі ў віну парушэнне паводле артыкула 23.34 КаАП РБ «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» за акцыю 14 жніўня. Адпаведна, тэрмін даўнасці па гэтым правапарушэнні складае два месяцы і заканчваецца 14 кастрычніка. А позву столінцы выпісалі на суд 15 кастрычніка. Гэта значыць, па законе ў гэты дзень справу трэба было закрыць.

Але суд усё ж такі адбыўся 14 кастрычніка. І Аксану прызналі вінаватай, прызначыўшы ёй штраф у 25 базавых велічынь. Пра гэтае рашэнне яна даведалася, калі 15 кастрычніка прыйшла ў прызначаны час на сваё паседжанне. Сакратар суда тады нават адмовілася ставіць ёй адзнаку ў позве аб яўцы.

Пасля скаргі Столінскі суд папрасіў прабачэння перад Аксанай за памылкі, дапушчаныя сакратаром. Але за абскарджаннем рашэння адправіў у абласны суд. У сваім адказе там паказалі, што хоць позву фігурантцы справы не ўручылі асабіста, але паведамілі пра перанос разгляду загадзя. У прыватнасці, праінфармавалі адваката, які раней прадстаўляў яе інтарэсы, тэлефанавалі самой Аксане на мабільныя тэлефоны і нават прыходзілі дахаты.

Аднак абласны суд палічыў, што ўсё ж такі дзяўчыну не апавясцілі належным чынам. Ва ўсякім выпадку задакументаваных сведчанняў гэтага няма. А значыць, рашэнне Столінскага суда падлягае адмене. Справа будзе разгледжана зноў, але ўжо іншым суддзёй. Паседжанне прызначанае на 25 лістапада. У гэты ж дзень будзе разгледжана скарга Аксаны Дабрыянец на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якія канфіскавалі яе тэлефон. У дзяўчыны яго канфіскавалі ў аддзеле пасля вельмі жорсткага затрымання, больш падобнага на выкраданне.