Штрафы за ўшанаванне паўстанцаў 1863 года
У Свіслачы адзін за адным прайшлі разгляды дзвюх адміністрацыйных справаў супраць Віктара Сазонава і Эдварда Дмухоўскага. Суддзя Жана Салагубік прысудзіла ім па 10 базавых велічынь адміністрацыйнага штрафу паводле часткі 1, артыкула 23.34 адміністрацыйнага кодэксу: арганізайцыя і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. З абвінавачваннем Сазонаў і Дмухоўскі не пагадзіліся, бо прымалі ўдзел у акцыі памяці герояў Бацькаўшчыны, а для гэтага, на іхную думку, дазволаў атрымліваць ад уладаў не трэба. Кажа Эдвард Дмухоўскі:
– Пратакол не сапраўдны. Але гэта не перашкодзіла суддзі разглядаць справу і браць сведчанні ў міліцыянтаў, хоць яны загадзя былі непраўдзівымі. Міліцыянты ўвесь час казалі пра бел-чырвона-белы сцяг. Я ў іх запытаў: ці гэта забаронены сцяг? Спашліцеся тады на нарматыўны акт, які яго забараняе. Ні суддзя, ні міліцыянты зрабіць гэтага не змаглі. Самае злоснае маё парушэнне ў Дзень памяці продкаў у Свіслачы – тое, што я трымаў у руках бел-чырвона-белы сцяг.
„Сведкамі” на судзе былі свіслацкія міліцыянты: Аляксандар Барэль, Аляксандар Гуштын, Андрэй Болбат. Яны падпісалі пратакол, у якім было паведамлена, што Віктар Сазонаў і Эдвард Дмухоўскі былі ў вёсцы Якушоўка на мітынгу, трымалі расьцяжкі, сцягі і спявалі песні. Але гэта не адпавядае рэчаіснасці. Тут відавочная адсутнасць прафесійнай прыдатнасці міліцыянтаў, мяркуюць актывісты.
* * *
Гарадзенскія актывісты Віктар Сазонаў і Эдвард Дмухоўскі аштрафаваныя па 10 базавых велічыняў (гэта 1 мільён 800 тысяч рублёў) за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве – акцыі памяці паўстанцаў 1863 года. Больш падрабязна пра гэта – наш карэспандэнт Якуб Сушчынскі:
– Свіслацкі суд абвесціў прысуд двум удзельнікам гэтага мерапрыемства. Ад міліцыі былі 3 сведкі. Усе яны сцвярджалі, што Эдвард Дмухоўскі і Віктар Сазонаў бралі ўдзел у мерапрыемстве ў Свіслачы, а таксама ў вёсцы Якушоўка. Дмухоўскі і Сазонаў не пагадзіліся з абвінавачаннямі ў пратаколе, а таксама не пагадзіліся з тым, што яны былі ў Якушоўцы.
Асноўнае абвінавачанне з боку сведкаў: Эдвард Дмухоўскі і Віктар Сазонаў трымалі бел-чырвона-белыя сцягі. Суддзя запытала ў аднаго са сведкаў, ці выкарыстана была забароненая сімволіка. На што сведка адказаў, што так – гэта бел-чырвона-белы сцяг.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня