Штрафам на 30 базавых пакаралі фрылансера Андрэя Толчына



30 базавых велічынь — такім штрафам пакаралі фрылансера Андрэя Толчына. Суддзя Буда-Кашалёўскага раёна Канстанцін Скорын палічыў журналіста вінаватым у парушэнні артыкула 22,9 частка 2 “Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі”. Андрэй Толчын зняў сюжэт пра саўгас «Рагінь». У відэаматэрыяле распавядаецца пра тое, што ў былым саўгасе-мільянеры бракуе паліва на збор ураджаю. Сюжэт трансляваўся на спадарожнікавым тэлеканале «Белсат». Андрэй Толчын гаворыць, што пры разглядзе справы былі дапушчаны юрыдычныя памылкі. У пратаколе міліцыянтаў было пазначана, што сюжэт здымалі прыкладна сёмага ці восьмага верасня. Аднак, як сцвярджае Толчын, сюжэт здымалі напрыканцы жніўня. ” Калі б у пратаколе была пазначана гэтая дата, то справу давялося б спыніць па прычыне сканчэння двухмесяцовага тэрміну, цягам якога можна прыцягваць да адказнасці”,-  адзначае Андрэй Толчын. 1 лістапада ў судзе Буда-Кашалёўскага раёна будуць судзіць кіроўцу Андрэя Толчына Канстанціна Жукоўскага за той жа сюжэт пра саўгас “Рагінь”.

Беларускае Радыё Рацыя