Шуневіч: Дадатковых аплатаў за рэлігійныя мерапрыемствы не будзе



20 мая Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі атрымала адказ міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Ігара Шуневіча адносна аплатаў за паслугі спецыяльных службаў пры правядзенні масавых мерапрыемстваў.

Нагадаем, што 24 студзеня Савет міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову № 49 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, якія аказваюць органы ўнутраных спраў, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, прыбіраннем тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавых мерапрыемстваў».

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі звярнулася ў Савет міністраў з пытаннем, ці гэтая пастанова датычыцца таксама правядзення рэлігійных масавых мерапрыемстваў — працэсій, пілігрымак і іншых абрадаў і цырымоній з удзелам вернікаў.

У адказе з боку ўрада, падпісаным 15 мая міністрам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь Ігарам Шуневічам, сказана, што дзеянне вышэйзгаданай пастановы не распаўсюджваецца на рэлігійныя мерапрыемствы.

У лісце ўдакладняецца, што гаворка ідзе пра ўсе рэлігійныя мерапрыемствы, якія адбываюцца ў культавых будынках, пабудовах і на тэрыторыях, якія да іх адносяцца, у іншых месцах, прадастаўленых рэлігійным арганізацыям для гэтых мэтаў, у месцах пілігрымак, на могілках, у крэматорыях або па рашэнні выканаўчых і распарадчых органаў улады.

На думку міністра, такім чынам заканадаўчымі актамі ў дастатковай ступені створаны ўмовы для арганізацыі і правядзення разнастайных рэлігійных мерапрыемстваў.

catholic.by