Шуневіч: Рэйтынг міліцыі — гэта рэйтынг даверу ўладзе
Зніжэнне злачыннасці ў Беларусі забяспечыў комплекс мер, прыняты на заканадаўчым і арганізацыйным узроўнях у праваахоўнай сістэме, заявіў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч у эфіры праграмы „Контуры” тэлеканала ОНТ увечары 7 кастрычніка.
„Усё гэта ў комплексе стварае вось гэты эфект. Хоць падкрэсліваю, што зніжэнне сёння — найменшае за апошнія пяць-шэсць гадоў. Гэта сведчыць пра тое, што мы наблізіліся да адчування рэальнага становішча спраў у галіне барацьбы з самім феноменам злачыннасці„, — сказаў міністр.
„Сёння Менск, як сталіца нашай дзяржавы, і ў цэлым дзяржава лічыцца адной з самых бяспечных. Гэта некаторымі ўспрымаецца як дадзенасць ўжо сёння„, — падкрэсліў Шуневіч.
Ён назваў паралельнымі працэсамі зніжэнне злачыннасці і рост рэйтынгу даверу міліцыі. „І рэйтынг міліцыі — гэта, па сутнасці, рэйтынг даверу ўладзе. Мы як адна з галін улады, безумоўна, гэта так ацэньваем. Але самае галоўнае, што нас, у прынцыпе, задавальняюць лічбы зусім іншага плану — тое, што застаецца менш людзей, якія не давяраюць цалкам міліцыі„, — дадаў кіраўнік МУС.
Паводле яго слоў, на сёння ў людзей менш падставы звяртацца ў міліцыю. „Гэта сведчыць аб тым, што мы яшчэ больш непрыкметна робім нашу непрыкметную працу. Гэта сведчыць аб тым, што абароненасць нашых грамадзян знаходзіцца на досыць высокім узроўні”, — сказаў на заканчэнне міністр. БелаПАН