Шуневіч: Трэба жорстка караць бытавых п’яніц і наогул усіх алкаголікаў
На ўзровень злачыннасці ў краіне сур’ёзны ўплыў аказваюць „тыя асобы, якія злоўжываюць спіртным, тыя, у якіх спіртное стала прадуктам харчавання, прадуктам штодзённага спажывання”. Пра гэта ў эфіры АНТ распавёў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, піша TUT.BY.
– Нам трэба вельмі жорстка караць бытавых п’яніц і наогул усіх алкаголікаў. У іх усё гіпертрафіраванае: свядомасць, паводзіны. У бліжэйшы час мы будзем экстрана выпрацоўваць новыя метады мінімізацыі шкодных наступстваў п’янства, — паведаміў кіраўнік МУС.
У нашай краіне кожнае чацвёртае злачынства здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап’янення. Доля забойстваў, наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў, рабаванняў, разбояў і хуліганстваў ў п’яным стане дасягае 70-80%.
Нагадаем, цяпер МУС прапаноўвае абмежаваць рознічны гандаль алкаголем. Новаўвядзенні могуць кардынальна змяніць звыклае ўяўленне аб куплі спіртнога ў Беларусі. Колькасць гандлёвых аб’ектаў, у якіх прадаецца алкаголь, у нашай краіне ў разы перавышае іх колькасць у развітых краінах. У нас па краіне на 10 тысяч чалавек, у тым ліку дзяцей і старых, прыходзіцца 17 крам з алкаголем. А гэта адзін магазін на 600 чалавек. Пры гэтым, напрыклад, у Швецыі і Нарвегіі адзін магазін, дзе прадаюць напоі мацней 4,75%, прыпадае на 4,5 тысячы чалавек, у Фінляндыі — на 6,3 тысячы, Ісландыі — на 15,9 тысячы.
На дыспансерным уліку ў краіне на 1 жніўня 2017 года знаходзіліся каля 164 500 хворых алкагалізмам. Пры гэтым у Менску – каля 35 тысяч чалавек.