Швейны цэх Купалаўскага тэатра пачаў выпускаць маскі



Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ініцыяваў сацыяльны праект «Нетэатральная маска» па вырабе немедыцынскіх масак, паведаміла БелаПАН спецыяліст па сувязях з грамадскасцю тэатра Паліна Крышчановіч.

Паводле яе слоў, швейны цэх тэатра ўжо вырабіў 500 масак, а ў найбліжэйшы час плануецца вырабіць яшчэ большую колькасць. Неўзабаве яны будуць перададзеныя ў 10-ю гарадскую клінічную лякарню Менска. Крышчановіч падкрэсліла, што гэтыя маскі не з’яўляюцца медыцынскімі вырабамі і не прызначаныя для медперсаналу.

Праект рэалізуецца за кошт пазабюджэтных сродкаў тэатра і пры падтрымцы партнёраў. Тэатр таксама просіць неабыякавых грамадзян і арганізацыі аказаць фінансавую дапамогу ў набыцці матэрыялаў для масак, а іншыя тэатры Беларусі – далучацца да праекта.

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, на 6 красавіка ў Беларусі зарэгістравана 700 выпадкаў заражэння каронавіруснай інфекцыяй COVID-19. На стацыянарным лячэнні знаходзяцца 634 чалавекі, паправіліся – 53, памерла – 13.

БелаПАН