Шыльда Аляксея Карпюка ўрэшце з’явілася ў Гародні
Мемарыяльная шыльда беларускага пісьменніка Аляксея Карпюка з’явілася ў Гародні на вуліцы Ажэшкі.
Да яе афіцыйнага адкрыцця спрычыніліся дачка пісьменніка Валянціна, гісторык Андрэй Вашкевіч, скульптар Уладзімір Панцялееў. Адкрыццё памятнай шыльды прыпала да 98-х угодкаў з дня народзінаў Аляксея Карпюка. Кажа Вітольд Іваноўскі, у мінулым журналіст газеты “Звязда”:
– Ужо даўно тое жыццё, якое ахвяравала савецкая Расея, назаўсёды яму збрыдла. І ён разумеў, што гэтаму прыходзіць канец. І ён працаваў на гэта. Не толькі хацеў, але і працаваў на гэта. Сустракаўся з Салжаніцыным. У яго ў кабінеце стаяў партрэт Салжаніцына, стаяў партрэт Мухтара Аўэзава. Я памятаю, быў такі сярэднеазіяцкі пісьменнік. Неяк прыйшлі вялікія начальнікі з кэгэбістаў і палічылі, што гэта Мао Цзэдун.
Для літаратараў, грамадства Гародні, навіна пра адкрыццё шыльды ў ажыўленай частцы абласнога цэнтру стала вяртаннем справядлівасці, якога даўно чакалі. Кажуць Аляксей Пяткевіч і Данута Бічэль:
– Я перад гэтым прысніла сон. Такі харошы сон пра харошага чалавека, які ўжо там. Ён кажа: я тут чытаю кнігі. Падумала, што гэта харошы сон. Нешта добрае будзе.
– Падзея, канешне, не такая ўжо і маштабная, але вельмі важная. Памяць пра Карпюка – пісьменніка перш за ўсё гарадзенскага, якая гаворыць, што мы нешта ўсё ж такі замацоўваем на афіцыйным узроўні з нашай спадчыны.
Аляксей Карпюк нарадзіўся 14 красавіка 1920 года ў вёсцы Страшава, цяпер гэта Падляшскае ваяводства Польшчы. Беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч.
За ўдзел у баях Вялікай Айчыннай вайны атрымаў шматлікія дзяржаўныя ўзнагароды. Як адзін з кіраўнікоў партызанскага руху на Беласточчыне, Карпюк быў узнагароджаны вышэйшай вайсковай узнагародай Польскай Народнай Рэспублікі – крыжом “Віртуці Мілітары”.
Памёр Аляксей Карпюк 14 ліпеня 1992 года. Пахаваны ў Гародні на могілках па праспекце Касманаўтаў. Адна з вуліц горада носіць яго імя.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня